Ужо ў жніўні могуць пачацца будаўнічыя работы на гэтым аб’екце. Праект рэканструкцыі гасцініцы ўжо ёсць, але кітайскія ўладальнікі вырашылі змяніць яго, каб падкрэсліць імідж іх краіны, піша «Гродзенская праўда».

Праект па дамове ўвядуць у эксплуатацыю не пазней чым праз чатыры гады пасля пакупкі. Зараз праводзіцца дэмантаж падлогавых пакрыццяў, пасля чаго пачнецца рэканструкцыя будынка. Вызначана, што карэкціроўку праекта трэба правесці да канца жніўня. Да гэтага часу выберуць і генеральнага падрадчыка — пасля пачнуцца будаўнічыя работы.

Як распавялі ўласнікі будынка, пад гатэльныя нумары будзе адведзена не менш за 50% плошчаў. Яны ўпэўненыя, што Гродна становіцца ўсё больш прывабным для турыстаў з Кітая.

Гандлёва-прамысловая карпарацыя «Цюань Шэн» з правінцыі Ганьсу ў 2016 годзе выкупіла гасцініцу за 3 млн долараў. Абноўлены аб’ект кітайцы плануюць запусціць у сакавіку 2020.