«А што, гэта не фатаграфіі?» — самае частае пытанне, якое гучыць на выставе карцін Вікторыі Савенковай. Так выглядае стыль гіперрэалізм. Выстава складаецца з дзевяці карцін, на якіх намаляваныя знаёмыя мастачкі.

Выстава мае назву «Праламленне». Вікторыю Савенкову натхніла на гэтую назву шклянка вады з саломінкай, якая ў ёй праламлялася. «Гэта такія тонкія рэчы на мяжы візуальнага і псіхілагічнага», — кажа мастачка.

Гіперрэалізм падобны да фатаграфіі, але паблізу бачныя мазкі і тэкстура — і робіцца зразумелым, што гэта не фота. «Так жа і чалавек: калі ён становіцца бліжэй, ён можа быць зусім не такім, якія здаваўся спачатку», — прыводзіць аналогію Вікторыя.

Гіперрэалізм — вельмі доўгі і працаёмкі працэс. Таму для партрэтаў Вікторыя абірала сваіх добрых знаёмых, бо з мадэлямі даводзіцца праводзіць шмат часу. Наведвальнікі адразу пазналі сярод мадэляў мінскага музыканта Алеся Таболіча. Наогул, найчасцей на партрэтах выяўленыя брутальныя мужчыны. «Вікторыя, вы любіце барадатых мужчын? — пытаюць журналісты. — Так, — смяецця яна. — Думаю, гэта і так зразумела». Працы названыя па імёнах мадэляў. Толькі дзве з іх маюць назву Blue 1 і Blue 2 — карціна з заплаканай дзяўчынай. Слова «blue» у англійскай мове мае два значэнні - «блакітны» і «сумны». Карціны зробленыя ў сініх колерах, сінімі на выставе былі дэталі інтэр'еру і напоі, і нават наведвальнікаў прасілі ўключыць у адзенне элементы сіняга колеру.

Чалавек як мастацтва. “У Майстра” працуе выстава гіперрэалізму

— Нам пашанцавала, што Вікторыя працуе серыямі. Выстава запоўніла прастору невялікай галерэі. Кожная з працаў патрабуе ўвагі, але і разам яны глядзяцца цэласна, — кажа Вольга Бараноўская, куратар выставы і арт-дырэктар галерэі «У Майстра».

Гіперрэалізм — стыль эфектны, але не вельмі папулярны, і не толькі ў Беларусі. «Тэхніка патрабуе шмат гадзін працы над адной карцінай. Часам яна пішацца па некалькі месяцаў. За кошт таго, што працу нельга напісаць хутка, працы не могуць каштаваць танна. Атрымліваецца, гэта не зусім камерцыйнае мастацтва», — кажа Вольга Бараноўская.