Гродзенскі «Нёман» з лікам 5:1 быў разгромлены ў Віцебску мясцовай камандай. Параза 14 ліпеня стала для каманды Ігара Кавалевіча другой запар.

Нагадаем, паразай у Брэсце скончыў «Нёман» першы круг чэмпіянату. Цяпер буйнай паразай пачаў другі. І гэта нягледзячы на ​​тое, што гульня спачатку складвалася для гродзенскай каманды добра.

У першым тайме пасля роўнага пачатку гаспадары пры дапамозе пенальці адкрылі лік на 16-й хвiлiне. Гродзенцы праз 7 хвілін адыграліся, таксама дзякуючы адзінаццаціметроваму ўдару, які рэалізаваў Жукоўскі. Але да перапынку «Вiцебск» здолеў забіць «Нёману» яшчэ два мячы.

У другiм тайме актыўны «Віцебск» не збавіў абароты i пайшоў дабіваць гродзенцаў. Жураву яшчэ двойчы прыходзілася вымаць мяч з сеткі варот. Футбалісты «Нёмана» спрабавалі ісцi да варот суперніка, але забіць у матчы так больш і не змаглі.

«Віцебск» — «Нёман» — 5:1

«Нёман» працягвае падаць у турнірнай табліцы. З 25 ачкамі гродзенцы займаюць сёмае месца.

Наступны матч «Нёман» правядзе ў Гродне 20 ліпеня — будзе прымаць «Слуцк».