Паўабаронца гродзенскага “Нёмана” Аляксей Лягчылін пасля свайго вяртання даў першае інтэрв’ю клубнай прэс-службе, дзе распавёў чаму пакінуў брэсцкае “Дынама” і вярнуўся ў Гродна.
Нагадаем, Аляксей Лягчылін падпісаў кантракт з “Нёманам” на 1,5 года.
– З вяртаннем дадому, Аляксей! Як твой настрой?
– Дзякуй, настрой выдатны. Дадому вяртацца заўсёды прыемна.
– Што адбылося ў «Дынама», чаму пакінуў каманду?
– Усё досыць проста – я не атрымліваў столькі гульнявой практыкі, колькі хацелася б. Заўсёды стаўлю перад сабой толькі самыя высокія задачы, хачу трапляць у склад на кожны матч і праз гульні даказваць, што магу быць карысным камандзе. Калі прыйшоў новы трэнерскі штаб, пачалі адбывацца перамены. Я не падыходзіў пад новую мадэль гульні клуба і вырашыў змяніць становішча.
– Ці былі прапановы з іншых клубаў?
– Так, вядома. Некалькі нашых клубаў хацелі б бачыць мяне ў сваім складзе, але гэта ўжо зусім няважна, таму што я вяртаюся дадому, я зноў стаў гульцом «Нёмана». У Гродне – родныя сцены, родны стадыён, якія нашмат хутчэй дапамогуць мне перазагрузіцца і набраць форму.
– Прайшло два з паловай гады і гэта ўжо зусім іншы «Нёман», чым той, з якога ты сыходзіў.
– Згодзен. Хачу сказаць, што канкурэнцыя ў складзе вельмі сур’ёзная і мне давядзецца добра паспрабаваць, каб заслужыць месца ў складзе. Але гэта абсалютна нармальная сітуацыя, нармальны працоўны працэс. Самае галоўнае для мяне – мець магчымасць гуляць і дапамагаць клубу, бо для футбаліста гэта важней за ўсё.
– Жадаем табе ўдачы і хутчэйшага з’яўлення на поле ў майцы нашага клуба.
– Дзякуй. Буду рыхтавацца да хатняга матчу са «Слуцкім», бо трансфернае акно ў Беларусі адкрываецца толькі 19 ліпеня.