Амерыканскі яўрэй Сымон Левінгер прыехаў у Гродна з незвычайнай місіяй. Яго задача — знайсці даваенную мапу Слоніма, якую ўжо некалькі гадоў не можа адшукаць ні ён, ні яго сябры. Мапа патрэбна для аднаўлення і вывучэння старых яўрэйскіх могілак у Слоніме.

Шукаць мапу Сымон прыехаў са сваім сябрам Ёсі Галінскім з Ізраіля.

«Мы хочам вызначыць межы могілак. Нам патрэбна для гэтага старая кадастравая мапа Слоніма, але яе нідзе няма, — распавядае Сымон. — Я не мільянер, але гатовы добра заплаціць чалавеку, які дапаможа нам з мапай».

За суткі гродзенцы перадалі Сымону некалькі старых карт Слоніма: сярэдзіны 19 стагоддзя і першай паловы 20 стагоддзя. Але нічога не пасуе. Амерыканец мае патрэбу ў падрабязнай кадастравай мапе. Ён упэўнены, што яна існуе.

Могілкі разбурылі і збудавалі спартыўныя пляцоўкі

Вывучэннем могілак у Слоніме Сымон займаецца тры гады. Ужо амаль год ён праводзіць там раскопкі і нават здолеў знайсці магілу вядомага праведніка Абрагама Вайнберга. Вядома, што галоўныя яўрэйскія могілкі ў Слоніме былі вялікія, з мноствам пахаванняў. Падчас нямецкай акупацыі і ў пасляваенныя гады могілкі разбурылі і пабудавалі недалёка школу, а на пахаваннях з’явіліся спартыўныя пляцоўкі.

Некалькі гадоў таму Сымон прывёз у Беларусь унікальнае міжваеннае відэа Слоніма, якое зрабіў слонімскі эмігрант Саламон Шенберг-Левада, калі вярнуўся на радзіму з Палестыны, куды выехаў у канцы XIX стагоддзя.