Гэта другі прычал, які ўсталявалі на Нёмане ў цэнтры Гродна за чэрвень. Першы прычал быў усталяваны для маламерных судоў, на ім базуецца рачное таксі. Новы — для цеплахода «Вольга Соламава». Ён узведзены для зручнасці турыстаў.

Плыт для новага прычала рыхтавалі на працягу двух месяцаў, а ўсталявалі яго ля падножжа Старога замка ўсяго за некалькі гадзін.

«Цеплаход цяпер будзе адпраўляцца з двух розных берагоў у цэнтры Гродна. Усё будзе залежаць ад заявак. Мы разлічваем, што новы прычал будзе больш для турыстаў», — расказвае намеснік дырэктара Гродзенскага філіяла прадпрыемства «Белводшлях» Вадзім Іўша.

Таксама прадстаўнік арганізацыі адзначыў, што на цеплаход попыт не ўпаў з-за з’яўлення воднага таксі. «Ёсць сур’ёзныя адрозненні - у нас салон камфартабельны, ды і рэйс у нас даўжэйшы, і цэні ніжэй», — дадаў Вадзім Іўша.

Прычал ля падножжа Старога замка на зімовы перыяд будуць прыбіраць. Плануецца, што цеплаход «Вольга Соламава» будзе стаяць ля новага прычала ўжо 1 ліпеня на Дзень работнікаў воднага транспарту і 3 ліпеня на Дзень незалежнасці.

Яшчэ адзін прычал усталявалі на набярэжнай Нёмана
Яшчэ адзін прычал усталявалі на набярэжнай Нёмана