Фотавыставу, на якой наведвальнікам прапануюць пагрузіцца ў гіпнатычны транс, адкрыюць у галерэі «У Майстра» 28 чэрвеня ў 18.00. Ідэя выставы прыйшла фатографу Наталлі Саламе і піяр-спецыялісту Міхаілу Лісу.

Такое мерапрыемства пройдзе ўпершыню не толькі ў Гродне, але і ў Беларусі. Для кантролю на выставе будзе пастаянна прысутнічаць урач-псіхатэрапеўт. А трапіць на гэтае мерапрыемства можна будзе толькі па папярэднім запісе, групамі па 5 чалавек.

«Хто знаёмы з творчасцю Наталлі Саламы, той ведае, што ў яе незвычайныя фатаграфіі з падвойным накладаннем экспазіцыі, — распавядае Міхаіл Ліс. — І для такіх фатаграфій мы не хацелі рабіць звычайную фотавыставу і пайшлі ў адваротным кірунку. Перш чым паказваць працы, мы будзем уводзіць групы людзей у гіпнатычна-трансавы стан — і яны будуць успрымаць фатаграфіі зусім інакш».

Арганізатары адзначаюць, што ніводзін чалавек у звычайным стане свядомасці не зможа ўвайсці і паглядзець фатаграфіі. Стан гіпнозу — абавязковая ўмова. Уводзіць у яго будуць з дапамогай адмысловага аўдыёзапісу.