Тры гады таму ў Гродне з’явілася гандлёвая прастора «Крама «Ц». Нядаўна крама пераехала на новае месца з ўнутраным дворыкам. Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» і «Крама «Ц» запрашаюць гараджан прапанаваць свае ідэі наконт таго, чым можна запоўніць жыццё дворыка, і аб’яўляе кірмаш праектаў.
Якія праекты прымаюцца на Кірмаш?
Даўнія ці свежапрыдуманыя ідэі, якія могуць зрабіць жыццё ў горадзе больш разнастайным і насычаным цікавымі падзеямі і якія можна было б рэалізаваць у дворыку «Крамы «Ц». Сямейны міні-фестываль, творчыя сустрэчы з цікавымі людзьмі, майстар-клас па ёзе, лекцыі па краязнаўстве альбо нават па папулярнай батаніцы, хіміі ці фізіцы — адным словам, усё, чаго яшчэ, на вашую думку, бракуе ў Гродне.
Кірмаш праектаў - гэта тая самая магчымасць падзяліцца сваёй марай і натхніць іншых людзей здзейсніць яе разам.
Як гэта зрабіць?
Для падачы свайго праекта трэба аформіць яго ў выглядзе прэзентацыі ў PowerPoint, Keynote, Prezi.com ці іншых падобных сэрвісах (да 10 слайдаў) па плане:
— імёны і прозвішчы аўтараў/ініцыятараў праекта, кантакты;
— назва, мэта і сутнасць праекта;
— чаму і каму гэты праект патрэбны;
— чаму ідэя ўнікальная і/ці актуальная;
— калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца;
— якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія — шукаеце (каманда, партнёры, бюджэт).
Прэзентацыю неабходна даслаць на адрас: kirmash.praektau@gmail.com да 28 чэрвеня ўключна.
Інструкцыя па падрыхтоўцы прэзентацыі:
Што будзе пасля?
Неўзабаве пасля заканчэння збору праектаў адбудзецца адкрытая публічная прэзентацыя ідэй. Гэта магчымасць ўдасканаліць сваю задуму, атрымаць парады ад публікі і экспертаў, знайсці аднадумцаў і партнёраў.
Ёсць пытанні?
kirmash.praektau@gmail.com, 8029 7 843 221.
Сачыце за «Кірмашом праектаў» у сацыяльных сетках «Вконтакте» і «Фэйсбук».