Гродзенскі блогер-краязнаўца Яўген Аснарэўскі 8 чэрвеня прадставіў грамадскасці сваю онлайн-мапу «Палацы Гароднi», на якой адзначыў 18 важных лакацый. На мапе змешчаны не толькі захаваныя палацы, але і месцы разбураных будынкаў горада. Для ўсіх палацаў на мапе ёсць выявы і аппісанне.

Такую мапу Яўген ствараў для гродзенцаў і турыстаў, якія гатовыя пазнаёміцца з архітэктурнай спадчынай Гродна, якая засталося ад арыстакратаў Рэчы Паспалітай. На мапе можна ўбачыць месца занёманскага палаца Радзівілаў, усе палацы апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага і многія іншыя палацы Гродна.

Яшчэ раней блогер напісаў дэтэктыў пра скарб апошняга караля і прыгоды мясцовых гісторыкаў, а таксама распрацаваў мапу і маршрут па яўрэйскай спадчыне Гродна.

«Мой новы праект прызначаны для шырокага выкарыстання, але ў першую чаргу для тых, хто цікавіцца гісторыяй Гродна, — распавядае Яўген. — Мяне прыцягвае магчымасць асвятляць гісторыю шляхецкіх родаў і паказваць справы арыстакратыі, якая тварыла лёсы цэлых дзяржаў. Гэтая гісторыя шмат гадоў вяршылася ў Гродне, што быў, фактычнай, сталіцай ВКЛ пасля падзення значэння Вільні ў XVII стагоддзі. Палацы, якія служылі жытлом для магутных людзей мінулага, цяпер не толькі помнікі архітэктуры, але і рэальны напамін пра значэнне горада ў былыя часы. Гэта тое, што можа дапамагчы гродзенцам яшчэ больш палюбіць роднае месца і ганарыцца ім. Ну і, вядома, такая мапа можа спатрэбіцца турыстам, якіх становіцца ў Гродне ўсё больш».