Ранкам 24 мая на трасе каля Брауншвейга, што ў Германіі, сутыкнуліся чатыры фуры. Кіроўца адной з іх загінуў. Па інфармацыі autogrodno.by, ён з Гродна, працаваў у Польшчы.

Кіроўца польскай фуры ехаў па трасе А2 у накірунку Гановера і на поўным ходзе ўрэзаўся ў грузавік, які стаяў наперадзе ў заторы. Ад удару апошні прасунуўся наперад і сур’ёзна пашкодзіў яшчэ дзве фуры. Абломкамі, якія разляцеліся, зачапіла і яшчэ адно аўто.

У аварыі траўмы атрымалі яшчэ чатыры чалавекі, адзін з іх — сур’ёзныя.

Гэта не першая трагедыя на А2. Нямецкая аўтамагістраль А2 злучае Берлін і Дортмунд і праходзіць паблізу важных нямецкіх гарадоў - Гановер і Магдэбург. Многія дальнабойшчыкі адзначаюць, што рух на трасе ўскладнены шматлікімі рамонтамі. Праз дарожныя работы на трасах нярэдка утвараюцца заторы. Не ўсе кіроўцы своечасова рэагуюць на перашкоды, таму адбываюцца аварыі.

У аварыі пад Гановерам загінуў дальнабойшчык з Гродна