45 партрэтаў гродзенцаў і два аўтапартрэты аўтара можна пабачыць на новай выставе ў Цэнтры гарадскога жыцця. Брытанец Джордж Паддэр-Сміт, які жыве і працуе ў Гродне, маляваў гэтую серыі два гады. 24 мая ён прэзентаваў вынік працы пад назвай «Божа, навучы нас сядзець спакойна». Да серыі аўтару пазіравалі як вядомыя гродзенцы, так і сябры сям'і.

Гэта ўжо дзясятая выстава мастака. Пакуль сябры і калегі адзначалі вартасць мастацкіх прац, Джордж сціпла стаяў убаку. Наведвальнікі казалі, што мастак тонка адчувае душу і характар чалавека ды ўмее гэта перадаць. «Сапраўды мастак у душы» і «нармальны мужык» — гэта ўсё гучала ў адрас Джорджа. А ён толькі жартаваў: «Гэта няпраўда, што яны сказалі. Я нічога такога не зрабіў».

"Мастак у душы" і проста "нармальны мужык". Брытанец адкрыў выставу жывапісу ў Гродне

Сярод 47 партрэтаў можна знайсці Алеся Дзянісава, Януша Паруліса, Сяргея Грыневіча. У назве выставы «Божа, навучы нас сядзець спакойна» ёсць і нешта задумліва-філасофскае, і набалелае для мастакоў. Паспрабуйце пасядзець тры гадзіны, пазіруючы! І паспрабуце ўгаварыць мадэляў не варушыцца.

Выстава не з’явілася б без музы мастака — яго жонкі Яніны. Яна сама кажа, што падштурхоўвала мужа, займаючыся хатнімі клопатамі і ствараючы ўмовы для яго творчасці.

"Мастак у душы" і проста "нармальны мужык". Брытанец адкрыў выставу жывапісу ў Гродне

Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Таму на адкрыцці выставы можна было паслухаць блюз у выкананні мастака-музыканта. Пачаўся дождж, наведвальнікі разыходзіліся, а Джордж да апошняга граў, схаваўшыся пад лесвіцай.