Артур Басак — праграміст па спецыяльнасці і аматар гісторыі Гродна. Вынікам спалучэння прафесіі і хобі стаў вэб-дадатак, які дазваляе акунуцца ў мінулае пры дапамозе VR-акуляраў.
«Мы, праграмісты, заўжды глядзім у будучыню»
Вывучэнне новых тэхнік, тэхналогій і прыладаў - частка працы праграміста, мяркуе Артур.WebVR — гэта якраз тая новая тэхналогія, што зараз робіцца ўсё больш распаўсюджанай. «У асноуным ствараюць VR-прылады на платформах для мабільных дэвайсаў. WebVR — гэта такі ўніверсальны фармат, што дазваляе запускаць прыладу на мабільніку, у браузеры, як звычайны сайт, і праз VR-акуляры. Таму пачаць эксперыменты з WebVR было цалкам натуральна.
Ідэя экскурсіі ў дапоўненую рэальнасць Гродна нарадзілася пасля прагляду сумеснага праекта Facebook Oculus і British Museum.
«Я падумаў, чаму б не зрабіць нешта такое і для Гродна? Наш горад адзін з самых гістарычных, тут шмат помнікаў захавалася да нашых дзён».www.youtube.com/watch?v=o0g6RLEFRmI&list=PLDv5HLZAuC0lJsGxfueVUuefRfqDG3qdR&index=10
Так удалося сумясціць прафесійныя веды і даўняе захапленне гісторыяй горада. «Я трохі арыентуюся ў нашых гістарычных аб’ектах, нейкі час нават ездзіў па розных мясцінах і рабіў фотаздымкі.» Пад час працы пад дадаткам таксама часткова сам здымаў гродзенскія краявіды. «Здымкі рабіў на тэлефон, зранку, перад працай, ці пасля. Бо днём на працы „піліў“ іншыя праекты.»
Праект можна развіваць
Ніякіх знешніх інвестыцый праект Артура не меў. «Грошы ўклаў толькі ў VR-акуляры. Набыў у Мінску вітрынны экзэмпляр па зніжцы.» Тэксты і здымкі шукаў у сеціве. «Паўсюль дадаваў подпіс — што адкуль браў ці з чыіх калекцый здымкі.» Астатняе — уласнае жаданне, вольны час і дапамога сяброў.
«Канечне, добра было б алічбаваць калекцыі гістарычных фота і напісаць арыгінальныя тэксты. Але гэта — праца для цэлай каманды.Было б добра, каб далучыліся гісторыкі і зацікаўленыя гаражане.»
У такім выпадку можна было б развіваць праект і далей. «Можна рабіць экскурсіі па залах музеяў, паказацт інтэр'еры кавярняў і шмат чаго яшчэ.» Калі ёсць зацікаўленасць — можна аб’ядноўваць намаганні і рабіць цікавыя рэчы на карысць нашага горада.