У сёлетняй акцыі «30 дзён на ровары» ўзялі ўдзел каля 100 гродзенцаў. Сярод іх былі і ахвотныя адначасова рашаць задачкі Ровар-Фота-Квэста ад ВелаГродна і Hrodna.life. Паспяхова выканалі ўсе заданні 8 раварыстаў. На сустрэчы з рэдакцыяй 15 мая ўсе яны атрымалі падарункі - цішоткі і кубкі з сімволікай сайта. Удзельнікі распавялі пра матывацыю да ўдзелу ў акцыі і асабістыя вынікі 30 дзён на ровары.

Цягам акцыі раварысты шукалі месцы горада, звязаныя з роварамі. Даведаліся, дзе быў першы велатрэк, знайшлі каналізацыйныя люкі, што прадукавалі на гродзенскім велазаводзе, шукалі рэкламныя і дэкараваныя ровары ў гарадскім асяроддзі.

Пераможцы Роваравага квэста атрымалі ўзнагароды і распавялі пра матывацыю ездзіць кожны дзень

Са словаў адной з пераможцаў, Таццяны Шавель, такой акцыяй добра пачынаць сезон.

«Столькі працы звычайна, думаю, што да заўтра ўсе не пераробіш. А з акцыяй — сабралася і паехала! Калі так паездзіць месяц, то хочацца і далей працягваць, з’яўляецца жаданне рухацца».

Здымкі ў сеціве з хэштэгам дапамагаюць знайсці аднадумцаў. Таццяна расказала, што падчас акцыі на яе інстаграм падпісалася нават раварыстка з Мінесоты.

«Для мяне cёлетняя акцыя стала стымулам выязджаць нават у кепскае надвор’е. Раней разглядала гэта як магчымасць адмовіцца ад ровара на карысць паліто і капялюша. Але гэтым разам выязджала, незважаючы нават на дождж».

Сярод пераможцаў была і дзяўчына, што не карыстаецца роварам штодня. Яна ператварыла пошук адказаў на пытанні квэста ў сапраўдныя інстаграм-прыгоды свайго цацачнага міні-ровара.

Наста прызналася, што ездзіць толькі на вёсцы і толькі на падлеткавым ровары. У горадзе і на вялікім — трохі боязна.

Як аказалася, для вырашэння падобных праблемаў у ВелаГродна ўжо ёсць рашэнне. Па словах кіраўнічкі аб’яднання Юлі Каляды сёлета пачне працаваць першая ў Гродне вела-школа.

«У нас будзе некалькі ровараў. Будзем збірацца ў бяспечных месцах і вучыць ахвотных ездзіць».

Пераможцы Роваравага квэста атрымалі ўзнагароды і распавялі пра матывацыю ездзіць кожны дзень