Гурт Volski на чале з Лявонам Вольскім наведаў наш горад з “найлепшымі песнямі ўсіх часоў”. Музыкі выканалі песні часоў N.R.M. і «Мроі», а таксама кампазіцыі з сольных альбомаў Вольскага ў электрычным гучанні. Удзячныя прыхільнікі пісалі пазней у сацсетках, што “залу ледзьве не разнеслі” і “было неверагодна”. Прыемным бонусам стаў выступ Аляксандра Дзянісава з гурта Dzieciuki.

На ўваходзе ў залу нават сабралася чарга з жадачых трапіць на канцэрт. Наведвальнікаў з бел-чырвона-белымі сцягамі прасілі не даставаць іх, бо інакш іх бы вывелі з залы. Як патлумачыла кіраўніцтва, яны бачаць у гэтым правакацыю і ў “дзяржаўнай установе культуры” такога быць не павінна. Але гэта не перашкодзіла гродзенцам весела бавіць час, танцаваць і спяваць.




Гурт Volski складаюць Лявон Вольскі (вакал, гітара), Павел Трыпуць (гітара), Алесь-Францішак Мышкевіч (бас), Павел Мамонаў (бубны). У дыскаграфіі гурта альбомы «Грамадазнаўства» (2014) і «Псіхасаматыка» (2016). У рэпертуары – увесь бэк-каталог лепшых песень калектываў з удзелам Лявона Вольскага. У верасні 2017 Volski сабраў аншлаг у мінскім Prime Hall.
















