Пахаванні людзей выявілі будаўнікі ля Каложскага храма падчас работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Усе астанкі зараз збіраюць, каб пасля судова-медыцынскай экспертызы перапахаваць ля царквы.

Праект па ўпарадкаванню тэрыторыі ля Каложы ўключае ў сябе абнаўленне дрэнажнай сістэмы, адвод вады ад падмурка храма, а таксама замену бруку на тэрыторыі.

«Няма нічога дзіўнага, што падчас парадкавання тэрыторыі храма рабочыя знаходзяць пахаванні. Вядома, што тут хавалі людзей вельмі доўгі час. Такая была практыка, — распавядае настаяцель храма Аляксандр Балоннікаў. — Усё, што знаходзім, мы захоўваем і пасля правядзення судова-медыцынскіх экспертыз перапахаваем паводле праваслаўнага абраду з памінальнай малітвай».

Вядома, што працы на тэрыторыі храма ідуць пад наглядам кіраўніка навуковага праекта. Адказная арганізацыя - УКБ Гродзенскага аблвыканкама.

Сур’ёзныя раскопкі на тэрыторыі ля Каложы праводзіліся ў 1930-х гадах, у савецкі час, а таксама ў пачатку 2000-х гадоў. Цяпер археолаг на месцы не прысутнічае, нягледзячы на ​​тое, што вядуцца земляныя работы.