Каля 200 гродзенцаў 9 мая прынялі ўдзел у акцыі “Рэкорд Перамогі”. На працягу дзвюх гадзін ля Маладзёвага цэнтра “Гродна” гараджане адціскаліся, прысядалі і падымалі гіру. Усяго 26 663 разы.
Менавіта такую колькасць паўтарэнняў паставілі сабе як мэту ўдзельнікі. Гэта лічба сімвалізуе колькасць дзён, якія прайшлі пасля 9 мая 1945 года.
Арганізатарамі акцыі выступілі маладыя гродзенцы, якія займаюцца воркаўтам – вулічнымі трэніроўкамі на турніках. Удзельнікі агулам павінны зрабіць 26663 адцісканні, але можна і прысядаць, падцягвацца, падымаць гіру – любы ўклад залічваецца. Па адным разе за кожны пражыты мірны дзень з моманту заканчэння вайны.

“Такую акцыю ў Гродне мы праводзім ужо шосты год, – распавядае адзін з арганізатараў акцыі Яўген Ядэшка. – Сёлета лічбу 26 663 мы дасягнулі амаль за дзве гадзіны.
Як правіла, нашы людзі адзначаюць святы з алкаголем. А мы прасоўваем здаровы лад жыцця і аддаем па-свойму даніну памяці продкам, якія падарылі нам мірнае неба над галавой. Моладзь, калі нас бачыць, то падыходзіць і пытаецца пра трэніроўкі. А мы – гродзенцы, якія трэніруемся ў дварах і ўсюды, дзе ёсць турнікі”.








