У чацвер 3 мая ў сталіцы завяршыўся аматарскі чэмпіянат Мінска ў першай лізе. У фінале ва ўпартай барацьбе гродзенскі “Авангард” здолеў абыграць “Беркут-МАПІД” з лікам 3:1 і ўзяць кубак турніру. Чэмпіёнства стала для гродзенцаў другім у гісторыі спаборніцтваў.
Чэмпіянат Мінска па хакеі сярод аматарскіх каманд праводзіўся 17-ы сезон і аб’яднаў аматараў хакею розных узростаў і прафесій. Колеры каманд абаранялі як аматары, так і ў мінулым прафесійныя гульцы.
У чэмпіянаце ў першай лізе прыняло ўдзел 13 каманд. Гродзенскі “Авангард” удзельнічаў у турніры трэці раз і другі раз стаў чэмпіёнам. Па выніках сезона команда заняла 8-е месца і здолела выйсці ў плэй-оф, а ўжо пасля перамога за перамогай прывяла “Аванград” да залатых медалёў.

“У Мінск даводзілася ездзіць кожныя выхадныя. Быў нават перыяд, калі з-за фінансавых цяжкасцяў і недахопу вольнага часу гульцам прыйшлося рабіць выбар – спыняць удзел ці працягваць барацьбу, – распавядае гулец Віталь Гарбацюк. – У выніку вынеслі гэтае пытанне на каманднае галасаванне і практычна аднагалосна прынялі, як аказалася, правільнае рашэнне – працягваць.
Выказваем падзяку нашаму капітану Алегу Гарацкевічу – ён усё выцягнуў і разруліў – сапраўдны лідар. Прайшоўшы два кругі рэгулярнага чэмпіянату, наша каманда выйшла ў плэй-оф на 8-м месцы – у гэтым была пэўная тактыка. А ўжо ў плэй-оф “Авангард” павольна, але ўпэўнена рухаўся да перамогі. Вынік – пераходны кубак чэмпіянату Мінска і залатыя медалі. Як сказаў наш капітан, у гэтым сезоне гродзенскі хакей на вышыні, а значыцца, і мы павінны трымаць марку – паказаць узровень. Паказалі”.
У наступным сезоне “Авангард” можа прыняць удзел і ў вышэйшай лізе турніру, дзе гуляюць больш дасведчаныя хакеісты. Але для ўдзелу ў гэтым чэмпіянаце камандзе патрэбен будзе сур’ёзны спонсар.
Гродзенскі “Авангард” існуе каля 6 гадоў. Сёння сярэдні ўзрост каманды – 40 гадоў. За час існавання каманды аматары здолелі стаць прызёрамі не толькі мінскага чэмпіянату, але і іншых турніраў, напрыклад гродзенцы не аднойчы бралі «Бурштынавы кубак» у латвійскай Ліепаі.








