Ад 28 красавіка трапіць у Польшчу можна будзе пешшу, на ровары або байдарцы праз пункт пропуску «Лясная — Рудаўка». Ён будзе працаваць штодня увесь сезон — з 28 красавіка да 1 кастрычніка, з 8.00 да 20.00.

Перасекчы мяжу ў гэтым месцы пешшу, на ровары, байдарцы або маламерным судне можа кожны турыст, які мае візу альбо дазвол на бязвізавы ўезд. Загаддзя папярэджваць памежнікаў пра свой намер не патрабна: з мінулага года заяўны прынцып, па якім раней перасякалі пункт пропуску арганізаваныя групы, адменены.

У мінулым сезоне тут беларуска-польскую мяжу перасяклі больш за 2500 турыстаў. У гэтым годзе чакаюць яшчэ больш замежнікаў. У мінулыя выходныя Гродна і наваколлі наведалі каля 2 тысяч турыстаў, якія вандруюць без віз, паведамляюць на сайце Гродзенскага гарвыканкама.

[irp posts="59 253″ name="Кукурузныя палачкі і шклянкі з Леніным: што вязуць з сабой турысты з бязвізавага Гродна"]

Усяго ж з пачатку года Гродна і Гродзенскі раён без віз наведалі каля 13,5 тысяч бязвізавых турыстаў. Найбольшую цікавасць наш рэгіён выклікае ў жыхароў Літвы, Польшчы, Германіі і Латвіі. Пры гэтым геаграфія замежных падарожнікаў пашыраецца — на Гарадзеншчыне ўжо пабывалі грамадзяне з 42 краін свету. Каля трохсот з іх, каб прыехаць у Гродна, скарысталіся чыгункай.

Па папярэдніх дадзеных, за першы квартал 2018 года аб’ём экспарту турпаслуг склаў каля 3 мільёнаў даляраў.