Чым цяплей становіцца, тым часцей у велааматараў крадуць ровары. Так, на 24 красавіка на Гродзеншчыне скралі 28 ровараў. Найбольш — у Гродне і Лідзе.
У міліцыі кажуць, што часта раварысты пакідаюць транспарт і не выкарыстоўваюць велазамкі, што спрашчае задачу злодзеям. Па статыстыцы колькасць такіх злачынстваў у грамадскіх месцах перавышае 65%. Прычым, да крадзяжоў маюць дачыненне як раней судзімыя, так і тыя, хто праваахоўнікам не трапляўся.
Напрыклад, не так даўно ў Гродне ровар з пад’езда жылога дома скралі 19-гадовыя хлопцы. Аднак іх хутка знайшлі, маёмасць вярнулі ўласніку. Дзеянні ж хлопцаў кваліфікавалі па частцы другой артыкула 205 крымінальнага кодэксу РБ — «Крадзеж», паведамляе «УУС Гродзенскага аблвыканкама».
Што рабіць, каб ваш ровар не скралі:
- Сфатаграфаваць ровар і захаваць тэхпашпарт.
- Выкарыстоўваць надзейны велазамок.
- Устанавiць гукавую сігналізацыю.
- Старацца пакінуць ровар пад камерай відэаназірання.
- Не захоўваць ровар на лесвічных пляцоўках у пад’ездах.
- Падумаць пра маркіроўку патэнцыйнага прадмета крадзяжу.