Другі тыдзень на вуліцы Калючынскай у тым месцы, дзе ідзе пракладка трубаправода, працуе археолаг з Акадэміі навук Андрэй Вайцяховіч. Спецыяліст распавёў Hrodna.life, што яму ўдалося за гэты час знайсці і чаму ў цэнтры Гродна падчас земляных работ вядзецца абавязковы археалагічны нагляд.

Па заканадаўстве любыя земляныя работы ў зоне аховы культурнага пласта павінны суправаджацца наглядам археолага. Цэнтр Гродна такім месцам і з’яўляецца. А нагляд пры земляных работах вядзецца для таго, каб пры выяўленні чагосьці каштоўнага для археалогіі, прыпыніць працы ды праводзіць раскопкі.

У цэнтры Гродна абавязкова павінен быць нагляд

На Калючынскай, на думку адказнага археолага Андрэя Вайцяховіча, праводзіць маштабныя раскопкі бессэнсоўна. Па назіраннях спецыяліста, тут на глыбіні 3.5 метраў ідзе суцэльнае смецце. А самі ж будаўнікі працуюць у тым месцы, дзе да 90-х гадоў стаяў стары будынак.

«Некранутых пластоў на тэрыторыі земляных работ практычна і няма. Там, дзе сёння капаюць — гэта тэрыторыя горада і тут, можна сказаць, кожныя 50 гадоў праводзяцца нейкія земляныя работы. Гэта працягваецца з 16−17 стагоддзяў, таму ў зямлі ўсё перамяшана, — кажа Андрэй Вайцяховіч. — Але нягледзячы на ​​гэта, нейкія знаходкі ўсё ж ёсць, бо ў якім-небудзь месцы ёсць маленькі некрануты пласт. Менавіта для гэтага і патрэбны археалагічны нагляд, а ў цэнтры Гродна, які заўсёды багаты на знаходкі, ён павінен быць абавязкова».

[irp posts="59 158″ name="На Калючынскай будаўнікі натыкнуліся на падмуркі старога дома"]

Што знаходзяць у цэнтры Гродна падчас земляных работ
Вуліца Калючынская. Праводзяцца земляныя работы

Знаходкі перададуць у музей

Археолаг адзначае, што ў зямлі ёсць старыя падмуркі і разбураныя падвалы, а таксама трапляецца кераміка і розныя металічныя артэфакты. Знаходкі ад 17 і да 20 стагоддзяў. Усё фіксуецца.

«Больш за ўсё ў зямлі керамікі, куль і розных манет. Гэта могуць быць соліды Рэчы Паспалітай 1660- х і іншыя. Ёсць яўрэйскі значок, розныя спражкі і шкло. Усё гэта будзе чысціцца і падрабязна вывучацца. А ў будучыні знаходкі перададуць у Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей», — дадаў археолаг.

Археалагічны нагляд на тэрыторыі земляных работ на Калючынскай буддзе працягвацца да іх заканчэння.