Кнігу «Сакральнае мастацтва Гродзеншчыны» прадставілі 25 красавіка аўтарка Любоў Зорына і выдавец Алесь Рыжы. У аснову кнігі ляглі матэрыялы абследванняў 128 касцёлаў і цэркваў рэгіёна, зробленыя ў 80-х гадах мінулага стагоддзя. Прэзентацыя адбылася ў гарадской бібліятэцы імя Макаёнка.
«Не ўсе змагла сфатаграфаваць, — узгадвае Любоў Зорына працу ў даследчых экспедыцыях, — часам проста не было фотаплёнкі. Альбо — не было паперы, каб надрукаваць здымкі. Засталося яшчэ шмат культурных каштоўнасцяў каторыя ў кнігу не ўвайшлі». Тым не менш — у кнізе змешчана больш 100 каляровых і больш 300 чорна-белых здымкаў прадметаў культу.
Тое, што доўгі час не публікавала гэтыя здымкі, аўтарка тлумачыць апасеннямі аб захоўванні мастацкіх каштоўнасцяў. «Працуючы мастацтвазнаўам-кантралёрам культурных каштоўнасцяў, якія перамяшчаюцца праз мяжу, я бачыла, колькі іх вывозіцца. І чым больш людзей пра іх ведаюць, тым большая магчымасць іх страціць. Апошнія 10 гадоў працэс страты носіць проста неадваротны характар. Бачу, што з храмаў знікаюць каштоўныя характэрныя рэчы. Вырашыла, што трэба абнародаваць гэты матэрыял».
Вялікую частку кнігі складаюць вопісы маёмасці храмаў на XIX і часткова XX стагодзі, асобныя раздзелы прысвечаны асаблівасцям уніяцкага мастацтва рэгіёна, мастакам, што стваралі іконы і скульптуры, страчаным прадметам культу.
Любоў Зорына - вядомы гродзенскі мастацтвазнаўца і краязнаўца. Доўгі час працавала ў гісторыка-археалагічным музеі горада, а таксама была мастацтвазнаўцам-кантралёрам Гродзенскай мытні. «Сакральнае мастацтва» — ужо пятая кніга аўтаркі. З папярэдніх твораў найбольш вядомай стала кніга пра мастацкі метал Гродзеншчыны.
Набыць кнігу можна ў выдавецтве «ЮрСаПрынт». Нагадаем, што чытачы і падпісчыкі нашага выдання маюць там зніжкі у 5 і 10% суадносна.
Больш кніг гродзенскіх аўтараў і прысвечаных Гродна можна знайсці ў рубрыцы «Чытай па-гарадзенску»:
[irp posts="52 935″ name="Знаёмства з кнігай: даведнік Шляхамі БНР""]
[irp posts="50 898″ name="Знаёмства з кнігай: Вінцэнт Гадлеўскі" Андрэя Вашкевіча"]
[irp posts="51 321″ name="Знаёмства з кнігай. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда" Васіля Герасімчыка"]
[irp posts="58 121″ name="Забойца не дварэцкі. Гродзенскі блогер напісаў дэтэктыў пра скарб апошняга караля і прыгоды мясцовых гісторыкаў"]