Каля 200 школьнікаў удзельнічае ў абласных спаборніцтвах па турысцка-прыкладным шматбор'і ў тэхніцы горна-пешаходнага турызму, якія стартавалі ў Гродне 20 красавіка. Арганізатары чатыры гады таму выбралі месцам правядзення Швейцарскую даліну, а цяпер хвалююцца, што з-за новага вяровачнага парку страцяць гэта месца.
Швейцарская далінк ў парку Жылібера на дзень ператварылася ў горную цясніну. Удзельнікі спаборнічалі там у тэхніцы пераправы праз горную раку, паказвалі майстэрства працы на вертыкальных схілах, а таксама адпрацоўвалі навыкі працы ў камандзе.
«Традыцыйныя спаборніцтвы праходзяць тры дні, з’язджаюцца школьнікі з усёй вобласці. Першы дзень прайшоў у Швейцарскай даліне, астатнія дні пройдуць у лесе на Крэйдавых гарах, — распавядае галоўны суддзя спаборніцтваў Аляксандр Карпаў. — Перашкоды на шляху нашых удзельнікаў розныя: гэта могуць быць пераправы, уздымы, вяроўкі, спускі і многае іншае».
Аляксандр Карпаў закрануў таксама тэму вяровачнага парку, які неўзабаве павінен з’явіцца ў Швейцарскай даліне.
«Мы расчараваныя, што Швейцарскую даліну забірае прыватнік пад вяровачны парк. Гэта месца чатыры гады таму мы абралі для сваіх спаборніцтваў. Праходзілі тут як міжнародныя, так і абласныя чэмпіянаты. А калі з’явіцца гэты парк, то мы ўжо тут нічога не правядзём. Парк Жылібера вялікі, прыватнік мог выбраць і іншае месца…».