У 2018 годзе вуліцу Дзяржынскага чакае невялікая рэканструкцыя на ўчастку ад вуліцы Брыкеля да вуліцы Курчатава. Там пашыраць праезную частку.

— Ушыраць праезную частку на ўчастку ад Курчатава да павароту на «Водаканал». Работы будуць праводзіць зацікаўленыя арганізацыі. Парадую гродзенцаў, вернецца прыпынак у раёне «аптэчны склад», праўда яго трохі змясцяць. Будзе рэгуляваны пешаходны пераход ад «мінірынку Дзевятоўка» да гэтага прыпынку, — расказаў начальнік Гродзенскай ДАІ Уладзімір Назарка ў эфіры тэлеканала «Беларусь 4».

Таксама ён нагадаў, што у 2018 годзе ўсталююць два святлафоры на Горкага ля кальцавой развязкі. Яшчэ адзін святлафор з’явіцца да пачатку навучальнага года на вуліцы Паповіча. На вуліцы Суворава ў раёне «Гроднажылбуда» таксама ўсталююць святлафор.

У гэтым годзе на трасе М6 установяць 8 стацыянарных датчыкаў кантролю хуткасці. Усе яны будуць працаваць паблізу пешаходных пераходаў.