Рабочыя гродзенскага прадпрыемства «Белкард» кажуць, што іх кіраўніцтва дзеля справаздачнасці штучна падвысіла сярэдні заробак на прадпрыемстве, зменшыўшы ім працоўны стаж.

«Вынайшлі спосаб, як штучна дзеля справаздачы падвысіць заробак…»

Ліст у Адміністрацыю прэзідэнта, а таксама на імя начальніка Упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага гарвыканкаму з патрабаваннем правесці праверку на прадпрыемстве напісаў рабочы «Белкарда» Анатоль Мышкевіч, піша «Радыё С**бода».

«Кіраўніцтва прадпрыемства „прапаноўвала“ рабочым з пагадзіннай аплатай працы пісаць заявы на адпачынак на адзін дзень у тыдзень без захавання заработнай платы. Такім днём была абраная пятніца. Але ў адпачынак на самой справе ніхто не ішоў, а ўсе ў гэты дзень выходзілі на працу. Атрымлівалася, што фактычна работнік адпрацоўваў у месяц 20 дзён, а на паперы — 16. Але заробак за 16 дзён яму налічваўся як за адпрацаваныя 20».

У гэтым жа лісце Мышкевіч піша, што такім штучным чынам заробак на прадпрыемстве падвысіўся на 20%.

«Зразумела, што ад кіраўніцтва прадпрыемства патрабуюць паказчыкаў, справаздачаў. Але такім чынам парушаюцца правы рабочых, бо скарачаецца працоўны стаж работніка, што ў далейшым паўплывае на пенсію», — кажа Мышкевіч.

«Факты пацвярджаем, але казаць можам толькі ананімна»

Некалькі іншых рабочых «Белкарда» пагадзіліся сустрэцца з карэспандэнтам толькі на ўмовах ананімнасці. Яны пацвердзілі, што атрымлівалі на подпіс заявы на дзённы адпачынак без захавання заработнай платы.

Паводле аднаго з рабочых, усім было добра зразумела, дзеля чаго гэта робіцца, але сказаць уголас ніхто не адважыўся.

«Любая адмова з нашага боку скончылася б непрацягненнем кантракту. Тое самае і цяпер. Анатоль Мышкевіч падпісаўся адзін пад лістом, бо разумее, што кантракт яму і так ніхто не працягне за былыя „заслугі“ перад начальствам», — сказаў адзін з суразмоўцаў.

Паводле іншага, цяпер, страціўшы працу, вельмі складана знайсці іншую.

«А мы ўсе ў крэдытах. Заробкі на заводзе ў рабочых невысокія — ад 300 да 700 рублёў, але гэта хоць нешта канкрэтнае», — сказаў ён.

Анатоль Мышкевіч пацвердзіў, што падпісаў гэты ліст, бо ўпэўнены, што кантракт з ім у маі не працягнуць з прычыны праваабарончай дзейнасці.

«Мне ўжо і прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемства не раз казалі, што давядзецца развітацца. Але хочацца нешта добрае зрабіць для людзей, якія застануцца тут працаваць. Калі на прадпрыемстве адбудзецца добрая праверка, то многія факты паўсплываюць, а значыцца, і начальства да людзей пачне ставіцца па-іншаму», — сказаў Мышкевіч.

«Прыяжджайце, пагаворым…»

«Радыё С**бода» звярнулася па каментар да дырэктара прадпрыемства «Белкард» Андрэя Яначкіна.

Выслухаўшы пытанне, ён адказаў: «У вас звесткі пацверджаныя? Прыяжджайце, пагаворым…» І кінуў слухаўку.

Завод «Белкард» у Гродне быў створаны ў 1951 годзе як рамонтна-падшыпнікавае прадпрыемства. У хуткім часе рэарганізаваўся ў вытворцу «Аўтазапчасткі». У 1959 годзе на прадпрыемстве была выпушчана першая партыя карданных валоў, а праз дзесяць гадоў яны сталі асноўнай спэцыялізацыяй вытворчасці. У 1995 годзе прадпрыемства было пераўтворана ў ААТ «Белкард». У 2007 годзе рашэннем Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэту ААТ «Белкард» было рэарганізавана шляхам далучэння да яго ААТ «Гродзенскі завод аўтамабільных агрэгатаў».


Не знаешь, где оформить визу в Калининграде? Все бизнес услуги вы найдете здесь www.kaliningradgid.ru. Очень удобный сервис, который поможет вам сэкономить ваше время.