Каманда студэнтаў з універсітэта імя Янкі Купалы распрацоўвае першага турыстычнага чат-бота па Гродне. Гатовыя часткі праграмы ўжо тэстуюцца на сябрах і знаёмых, але для шырокага выкарыстання распрацоўка яшчэ не дапрацаваная.
Што такое чат-бот?
Чат-бот — гэта віртуальны суразмоўца, праграма, якая створана для імітацыі паводзін чалавека пры зносінах з адным ці некалькімі суразмоўцамі. У большай ступені гэты трэнд фармуецца цяпер за мяжой — існуе вялікая колькасць ботаў для Slack або Telegram, якія вырашаюць самыя розныя задачы: ад пошуку авіябілетаў да кіравання невялікімі камандамі распрацоўшчыкаў.
На думку гродзенскіх студэнтаў, чат-бот па Гродне павінен стаць кішэнным гідам для турыста. Ён зможа пракладваць маршрут па горадзе, улічваць перавагі і пажаданні па месцах, раскажа пра славутасці горада па запыце і QR-кодзе, забраніруе квіткі і іншае.
Гід 21 стагоддзя
Распрацоўкай чат-бота займаюцца студэнты Факультэта матэматыкі і інфарматыкі, КІР-151: Артур Левахін, Людміла Стэльмашэнка і Юлія Бекіш.
«Чат-боты папулярныя, бо гэта не звычайны дадатак для тэлефона, а хутчэй віртуальны суразмоўца, — распавядаюць студэнты. — Гродна папулярны сярод турыстаў. Існуе маса сайтаў і дадаткаў пра горад, але чат-ботаў няма. Так што наш турыстычны чат-бот — першапраходзец».
Стваральнікі бота кажуць, што калі турыст прыедзе ў горад, яму не трэба будзе шукаць гіда, які будзе распавядаць пра ўсё, нават пра нецікавае. Яму дапаможа маленькі робат у тэлефоне.
У тых, хто карыстаецца мэсэнджарамі, складанасцяў не будзе
Перад стварэннем сваёй праграмы студэнты прааналізавалі рынак распрацовак для Гродна. Аказалася, турыстычныя дадаткі для горада на PlayMarket ёсць, а ўласна турыстычных чат-ботаў пра Гродна пакуль ніхто не распрацоўваў.
Студэнты вырашылі рабіць сваё прыкладанне ў кнопачнай форме, бо чалавеку, які першы раз прыедзе ў Гродна, будзе складана зарыентавацца ва ўсіх назвах, запомніць іх, правільна напісаць. Надпісы на кнопках будуць падказкай. Для турыстаў навігацыі будзе дастаткова, каб такім шляхам пазнаёміцца з горадам.
Чат-бот ужо тэстуюць
Магчыма, да фестывалю нацыянальных культур, які пройдзе ў першыя выходныя чэрвеня, госці горада ўжо змогуць выпрабаваць першы чат-бот па Гродне. Плануецца, што праграма будзе даступная на платформах iOS і на Android.
«Сёння наш бот для масавага выкарыстання яшчэ не гатовы. Ён пакуль распрацоўваецца, трэба і кантэнт прапрацаваць дэталёва, і добрыя фатаграфіі зрабіць. Распрацаваныя часткі бота пакуль тэстуем толькі на сябрах і знаёмых», — дадалі студэнты.