Былым гродзенскім піўзаводам зацікавіліся інвестары. Зараз з імі вядуць перамовы.

— Зараз вядуцца перамовы з шэрагам інвестараў, якім пастаўлены пэўныя ўмовы па аднаўленні выгляду завода, — адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. — Спадзяёмся, што яны зацікавяцца гэтым аб’ектам, які знаходзіцца ў прыгожым месцы на беразе Нёмана, і напоўняць яго новым, цікавым зместам.

Гістарычны будынак, які знаходзіцца ў цэнтры Гродна, пераходзіў з рук у рукі да розных інвестараў. Год таму па рашэнні эканамічнага суда яго вярнулі ў камунальную ўласнасць горада, а літаральна праз некалькі месяцаў тут адбыўся пажар, які пашкодзіў значную частку аб’екта, піша «Звязда».

Верагодна, будынак падпалілі. На тэрыторыю вельмі лёгка мог патрапіць кожны, там часта бадзяліся падлеткі. Пашкоджаны пажарам дах аднавілі за два месяцы. Замест шыферу, які згарэў, там з’явілася новае перакрыццё — металічнае.

Нагадаем, што будынак быў некалі палацам і належаў роду Сапегаў і Агінскіх. У другой палове 19 стагоддзя аўстрыйскі купец заснаваў тут броварню. Традыцыі былі працягнуты і ў савецкі час, але завод не вытрымаў канкурэнцыі і 10 гадоў таму яго закрылі. Аб’ект некалькі разоў выстаўлялі на аўкцыён і толькі праз пяць гадоў яго прадалі. Але пэўных вынікаў гэта не прынесла.