Больш за паўсотні белых шарыкаў выпусцілі ў неба 28 сакавіка каля кафэ «Рандэву» ў Гродне. На акцыю салідарнасці прыйшлі некалькі дзясяткаў гродзенцаў. Большасць з іх — маладыя бацькі з дзецьмі.
— Мы не хочам заставацца абыякавымі да таго, што адбылося ў Кемераве. Загінулі дзеці і ніхто нічога не зрабіў, каб іх выратаваць, — кажа Вольга Крыўчэня, намеснік дырэктара па эканоміцы ў кафэ «Рандэву». — Белы шарык — гэта чысціня. Паводле афіцыйнай версіі, больш за 40 чалавек загінула. Насамрэч — сотні нявінных душ, якіх ніхто не выратаваў. Мы ўсё ж адна нацыя, славяне. Мы павінны адзін аднаго падтрымліваць. На вялікі жаль, лепш за ўсё людзей аб’ядноўвае боль.
Вольга кажа, што гэта ў ніякім разе не піяр установы. У будучым яны з кіраўніком плануюць падумаць наконт матэрыяльнай дапамогі пацярпелым. А пакуль зладзілі акцыю, каб ніхто ў горадзе не застаўся абыякавым да трагедыі.
— Гэта бяда не толькі сваякоў загінулых, гэта агульная бяда. Большасць з загінулых — дзеці. Амаль кожны з нас — ужо мама ці тата, альбо будучыя бацькі. Таму мы не маглі прайсці побач і прыйшлі ўсёй сям’ёй падтрымаць бацькоў, — кажа Алена, маці дваіх дзяцей.
— У мяне самой двое дзяцей і я ўявіць сабе не магу, як такое можа адбыцца ў нашым 21-м стагоддзі, — кажа Таццяна. — Мяркую, гэтыя шарыкі ўвасабляюць дзіцячыя душы. Хай яны ляцяць высока-высока, каб ім там было светла і добра. У нас уся сям’я хвалюецца. Добра, што ў нас пачалі правяраць шляхі эвакуацыі ў грамадскіх месцах. Але гэта трэба кантраляваць пастаянна. І ў школах, і ў жылых дамах.
— Мы таксама спачуваем тым дзецям і іх бацькам. Кожны чалавек павінен праяўляць спачуванне да іншых. Тым больш краіны родныя, — кажа дзяўчына Лера. Яе сяброўка Дар’я дадае: — Думаю, што ўсе павінны быць салідарныя. Спакон вякоў Беларусь, Расія, Украіна былі разам і падтрымлівалі адзін аднаго. Нават калі шмат палітычных канфліктаў, людзі павінны быць адзін за аднаго, і ўсё роўна, якой яны нацыянальнасці і чые гэта дзеці.
Гродзенскія кіроўцы ўшанавалі памяць аб ахвярах пажару ў расійскім Кемераве сігналам аўтамабіля роўна ў 19:00. Шарыкі выпусцілі і на вуліцы Леванаберажнай у Гродне.
Некаторыя кафэ і бары ў Гродне адмовіліся ад забаўляльных праграм. Беларусь на знак смутку і салідарнасці з Расіяй, дзе 28 сакавіка абвясцілі нацыянальную жалобу, апусціла дзяржаўныя сцягі і адмяніла забаўляльныя праграмы ў тэлеэфіры.
Пажар у гандлёва-забаўляльным комплексе «Зімовая вішня» адбыўся 25 сакавіка 2018 году ў Кемераве. Загінула, па дадзеных на апоўдні 26 сакавіка, 64 чалавекі, у тым ліку 41 дзіця. Пажар стаў найбуйнейшым у гісторыі сучаснай Расіі па колькасці ахвяр пасля пажару ў пермскім начным клубе «Кульгавы конь» у 2009 годзе, у якім загінула 156 чалавек.
З 21 красавіка на маршруце Гродна-Мінск большасць маршрутак заменяць кітайскімі аўтобусамі Zhong Tong. Транспарт закуплялі…
Зараз праз памежныя пераходы ў Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі) можна…
У Гродне на продаж выставілі начны клуб "Калізей 2000". Ён прадаецца як гатовы бізнес. Паглядзелі,…
Прадаюць камерцыйнае памяшканне ў падвале будынка на вул. Савецкіх Пагранічнікаў, 17. Там дызайнерскі рамонт у…
У Гродне з аўкцыёну прадаюць памяшканне афтальмалагічнага цэнтра "Новое зрение" на вул. Леніна, 13-3. У…
Чарачная “са смакам дзяцінства” DEHDИ адкрылася ў Гродне на вул. 1-й Працоўнай, 8. Уладальнікі абяцаюць,…