Сезон традыцыйных гонак па крос-кантры ў Гродне стартуе 31 сакавіка. Першыя спаборніцтвы пройдуць у лесапарку Пышкі.

Крос-кантры – гэта спартыўная дысцыпліна і самы папулярны ў свеце від спаборніцтваў па маўнцінбайку. Спартсмены пераадольваюць адлегласці па перасечанай мясцовасці са спускамі і зацяжнымі ўздымамі. Таксама на трасах прысутнічаюць хуткасныя ўчасткі і непраходныя лясныя масівы.

Гонкі Кубка “Тры вярсты” праходзяць штогод у Гродзенскай вобласці. У гэтым годзе ў Кубку запланавана 9 этапаў. Арганізатарамі спаборніцтваў з’яўляецца ініцыятыўная група спартсменаў-раварыстаў.

“У гэтым годзе да арганізацыі нашых спаборніцтваў дадалося некалькі актывістаў, што дасць магчымасць вывесці спаборніцтвы на больш высокі ўзровень у плане інфарматыўнасці. Таксама мы ў гэтым годзе дадаем новую трасу ў Зарыцы, якая дакладна спадабаецца нават спрактыкаваным роварыстам”, – распавёў адзін з арганізатараў Кубка Кірыл Ланскі.

Удзельнічаць у Кубку можа любы жадаючы, для гэтага ў спаборніцтвах ёсць шмат катэгорый. Неабходны толькі шлем, спраўны ровар і жаданне.

У 2018 годзе гонкі ў рамках Кубка “Тры вярсты” пройдуць не толькі ў Гродне і Слоніме, але таксама ў Навагрудку і Ваўкавыску.

Каляндар спаборніцтваў

31 сакавіка – XCO Пышкі
20 траўня – XCO Беларускія Мальдывы (Ваўкавыск)
3 чэрвеня – XCM Навагрудскі марафон
15 ліпеня – XCO Дзедава забава (Румлёва)
29 ліпеня – XCM Зарыца
13 жніўня – ХСМ Да разбітага каменю (Слонім)
2 верасня – ХСО Каробчыцы
30 верасня – XCM Марафон над Нёманам (Пышкі)
21 кастрычніка – Першынства па цыклакросе (Зарыца)

Больш падрабязнасцяў у афіцыйнай групе Кубка.