Школа відэаблогераў для падлеткаў абвяшчае новы набор удзельнікаў. Дыстанцыйны курс па стварэнні відэа пачнецца 2 красавіка і будзе доўжыцца 4 тыдні. У ходзе навучання ўдзельнікі напішуць сцэнар, здымуць і змантуюць адзін відэаролік і атрымаюць зваротную сувязь ад сваіх аднагодкаў. Летась лепшым ролікам курса журы прызнала працу гродзенца Мікіты Кузьмініча.
Курс разлічаны на падлеткаў, якія плануюць здымаць відэаролікі ці ўжо робяць першыя крокі ў гэтым кірунку. Будучым удзельнікам курса трэба мець тэхнічныя сродкі для здымкі і мантажу (смартфон ці фотаапарат і камп’ютар або планшэт), а таксама не менш за 1 гадзіну штодня на выкананне заданняў курса. Формула навучання, са словаў арганізатараў, складаецца з 25% тэорыі і 75% практыкі.
[irp posts="33 047″ name="Гродзенскі школьнік перамог у конкурсе відэаблогераў з ролікам пра беларускую мову"]
«Усе падлеткі могуць, зможаш і ты!» — напісана на старонцы ютуб канала школы.
Праграма курса:
Тэма 1 (2−8 красавіка) — Ад ідэі да сцэнара. Ты запішаш пробнае прывітальнае відэа і навучышся пісаць сцэнар свайго будучага відэароліка.
Тэма 2 (9−15 красавіка) — Здымаем! Ты даведаешся, як арганізаваць здымку свайго роліка, у тым ліку, якім павінна быць асвятленне, фон, як забяспечыць якасны гук. Акрамя таго, ва ўказаны перыяд табе трэба будзе цалкам адзняць матэрыял для роліка.
Тэма 3 (16−22 красавіка) — Мантуем! Ты асвоіць адну з праграм для мантажу відэа і зможаш змантаваць адзняты раней відэаматэрыял.
Тэма 4 (23−29 красавіка) — Публікацыя і прасоўванне відэароліка. Мы апублікуем тваё зманціраванае раней відэа на канале «Усе падлеткі могуць» і навучым прасоўваць яго.
Каб запісацца на курс, трэба:
- Стварыць уліковы запіс на EduTech (форма запаўняецца на кірыліцы па-руску) па спасылцы.
- Пацвердзіць электронны адрас. Неабходна знайсці ліст ад Платформы у сваёй электроннай паштовай скрыні і падцвердзіць рэгістрацыю, націснуўшы на актыўную спасылку ў лісце. Увага! Часта гэты ліст трапляе тэчку «Спам», таму неабходна праверыць і яе.
- Уваход на Платформу. Пасля падцверджання свайго паштовага адрасу вы зможаце ўвайсці на Платформу. Прамая спасылка на ўваход на EduTech.
- Уваход на курс «Школа відэаблогера «All Teens Can». Калі ты знаходзішся на EduTech, зможа ўвайсці на курс па спасылцы.
Курс ладзіць Рэгіянальны трэнінгавы цэнтр EDU-HUB, які дзейнічае на базе Беларускай Асацыяцыі клубаў ЮНЭСКА.