У канцы мінулага года Мікіта Кузьмініч удзельнічаў у навучальным курсе «Школа видеоблогера» і конкурсе выступоўцаў «ТеДДи — трибуна для детей». Вынікі спабору аб’явілі 4 верасня. Першае месца раздзялілі Мікіта Кузьмініч з прамовай «5 прычын чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску» і Мікіта Талай з прамовай «10 словаў, што могуць змяніць стаўленне да беларускай мовы». Крытэрыямі перамогі былі колькасць праглядаў відэаролікаў, лайкаў і каментарыяў.

«Мне спадабалася ўдзельнічаць у конкурсе і навучанні. Шмат даведаўся пра аратарскае майстэрства, пра тое, як трымацца на публіцы, засвоіў прыёмы, дзякуючы якім можна зацікавіць людзей прамовай. Напрыклад, нас вучылі трымаць кантакт з аўдыторыяй. Выступаючы ў вялікай зале — выбраць у кожнай з яе частак чалавека, да якога хацелася б звярнуцца, і расказваць нібы звяртаючыся асабіста да яго», — распавёў Мікіта аб новых ведах. Курс навучання меў два вочных трэнінгі і дыстанцыйныя заняткі з хатнімі заданнямі.

[irp posts="23 208″ name="Школьнік з Гродна расказаў на YouTube чаму беларусы не размаўляюць на мове"]

Пра перамогу Мікіта даведаўся ад мамы, ужо вечарам, таму нават не паспеў падзяліццца з сябрамі радасцю поспеху. «У прынцыпе, я не люблю хваліцца, але гэта крута, што ўдалося чагосці дасягнуць. Хочацца рэалізавацца ў жыцці, то пачынаць працаваць трэба з малога».

Што да больш актыўнай відаблогерскай дзейнасці, то на яе, па словах Мікіты, у навучальным годзе проста не стае часу. «Магчыма, на канікулах паспрабую працягнуць. Тэма, на якую хочацца паразважаць, тычылася б стасункаў настаўнікаў і вучняў ці ўвогуле — дарослых і дзяцей».


Праект «ТэДДі - Трыбуна для дзяцей» сумесна рэалізоўваюць рэдакцыя газеты «Аргументы і факты ў Беларусі», РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА» і Прадстаўніцтва Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі.

Уручэнне дыпломаў і прызоў пераможцам адбудзецца ў лістападзе 2017 года падчас мерапрыемстваў, прысвечаных Сусветнаму Дню Дзіця (20 лістапада).

Восенню 2017 года навучальныя курсы «ТэДДи — Трибуна для дзяцей» і «Школа видеоблогера. Дайджест для тинейджеров» запросяць новых зацікаўленых цінэйджараў да ўдзелу.