Два гады таму ў парку Жылібера спілавалі стары ясень, якому было больш за дзвесце гадоў. Да фестывалю нацыянальных культур у 2016 годзе на месцы спілаванага дрэва гарадскія ўлады абяцалі паставіць скульптурную кампазіцыю. Але нічога так і не было выканана.

У парку Жылібера павінны былі ўсталяваць адмысловую кампазіцыю, зробленую з частак спілаванага дрэва. Заказ ад гродзенскага ЖКГ выконваў вядомы разбяр Мікалай Скляр. Але пасля выканання работы пра майстра чамусьці забыліся. Адзінае, што зрабіў тады горад, дык гэта пасадзіў малады ясень у пні старога. Зрабіў гэта ўрачыста старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой.

Старшыня казаў тады: «У памяць аб велічным ясені, які рос у парку сотні гадоў, мы пасадзілі новае дрэва. У будучыні, гледзячы на ясень, нас успомняць нашчадкі».

Два гады прайшло, а скульптура на месцы старога ясеня так і не з'явілася
Старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой (злева) з прадстаўнікамі іншых гарадскіх службаў садзіць малады ясень у пні старога.

Да майстра павярнуліся спіною

Таксама старшыня абяцаў, што побач з ясенем будзе створана драўляная экспазіцыя са спілаванага дрэва. Рэалізаваць ідэю было даручана гарадскім службам, а тыя ў сваю чаргу звярнуліся да скульптара Мікалая Скляра.

Сёння, праз два гады, майстар не хоча ўзгадваць гісторыю з ясенем. Кажа, што ён выканаў сваю працу, а да яго павярнуліся спіной. «Гісторыю з ясенем, я не хачу нават успамінаць. Гэтая тэма для мяне зачыненая», — сказаў Скляр

Няма ўжо сёння і тых напрацовак скульптара са старога ясеня, таму не будзе скульптуры нават на фестываль нацыянальных культур у 2018 годзе.

Напрацоўкі Мікалая Скляра (2016 г.):