Гарадская паліцыя (straż miejska) ў Беластоку пачала чарговую акцыю па кантролі за гаспадарамі сабак, якія не прыбіраюць за сваімі гадаванцамі. Штрафы дасягаюць 500 злотых (каля 300 беларускіх рублёў), піша poranny.pl.
Жывёл абавязкова трэба выгульваць на павадку, прадукты жыццядзейнасці трэба прыбіраць неадкладна, выкідаючы або ў адмысловыя або ў агульныя сметніцы, нагадваюць жыхарам Беластока.
Акцыя будзе праходзіць да канца сакавіка.
Дарэчы, у 2016 годзе беластоцкая паліцыя выставіла 60 штрафаў за розныя парушэнні ў межах падобнай акцыі «Чысты Беласток». Але толькі восем чалавек аштрафавалі за сабак, іншыя штрафы былі за засмечванне горада. Паводле гарадской паліцыі, гэта значыць, што беластоцкія сабачнікі даволі свядомыя і разумеюць, што сабачыя адходы не толькі брыдкія, але і небяспечныя з-за паразітаў.