Зараз ў Беларусі па крымінальным артыкуле 328 – незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў – асуджана 15 000 чалавек. Юрысты з палітычных партый прапануюць рэфармаваць заканадаўства, каб тыя, хто ўжывае, і тыя, хто прадае наркотыкі мелі розныя пакаранні.

Што прапануюць юрысты
- Размежаваць артыкулы за ўжыванне і распаўсюд. Арт.328 будзе ўстанаўліваць адказваць толькі для спажывальнікаў наркотыкаў. А арт.328.1 – для вытворцаў і збытчыкаў. Гэта мае ўзмацніць барацьбу супраць незаконнага абароту наркотыкаў.
- Для новага арт.328 зрабіць градацыю паводле памераў: значны, буйны і асабліва буйны. А таксама дазволіць пэўную норму наркатычных сродкаў, дазволеных для ўжывання. Бо непасрэдна ўжыванне законам не забаронена. Зараз адказнасць наступае ў незалежнасці ад колькасці грамаў рэчыва, якое знайшлі ў чалавека.
- Крымінальныя дзеянні за незаконны абарот наркатычных сродкаў павінны быць падзелены па цяжкасці (у залежнасці ад месца, памеру і колькасці асоб, якія парушылі закон) і мець пакаранне, суразмернае дзеянню.
- Расліны, якія ўтрымліваюць у сабе наркатычныя сродкі, вылучыць у асобны спіс. Гэта ўсталюе адзіную тэрміналогію ў сферы абароту і культывавання раслін.
- Зараз па арт.328 асоба, якая дабраахвотна здала наркотыкі і дапамагала з выяўленнем незаконнага абароту гэтых сродкаў, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці. Юрысты хочуць, каб такую магчымасць мелі толькі ўжывальнікі, але не распаўсюджвальнікі.
- Неабходна праводзіць усе экспертызы і даказваць час, месца, спосаб і іншыя абставіны парушэння. Не павінна выкарыстоўвацца фармулёўка “у неўстаноўлены час, у неўстаноўленым следствам месцы”, бо ў такім выпадку адсутнічае аб’ектыўны бок справы.
Поўны спіс прапановаў можна прачытаць, звярнуўшыся да Вольгі Кавальковай ці Ларысы Жыгар з руху “Маці 328”.
Разам з палітычнымі актывістамі маці асуджаных плануюць ладзіць сбор подпісаў, падаваць заяўкі на пікеты і мітынгі.

– Рэформа проста неабходна нашай судовай сістэме, – кажа Ларыса Жыгар, лідарка ініцыятывы “Маці 328”. – Вельмі важна, каб улада зразумела нас. Мы праводзім круглыя сталы, падаем заяўкі на мітынгі і пікеты, праўда, часта не атрымліваем адказу на іх. На Дзень волі ў Мінску мы абазначым наш рух, будуць нашы расцяжкі і банэры. Хутка будуць здымаць дакументальны фільм пра рух “Маці 328”.
Калі ў турме сядзіць 15 тысяч моладзі, трэба іх ратаваць. І мы не спынімся.
На сустрэчу з рухам “Маці 328” ў Гродна прыехалі палітычныя актывісты з Мінску – прэзентаваць кампанію “За судовую рэформу”. Сустрэча адбылася 14 сакавіка ў Цэнтры гарадскога жыцця. Актывісты цягам апошняга году распрацавалі прапановы па зменах гэтага артыкула. Каб паказаць значнасць праблемы, яны плануюць да пачатку чэрвеня сабраць 10 000 подпісаў у сваю падтрымку.


