Гісторык Мікола Волкаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку падзяліўся здымкамі Крэўскага замка да кансервацыі і пасля яе. Паводле яго слоў, узровень часовай кансервацыі помніка вельмі прыстойны.
«Працы выконваліся напрыканцы 2017 года. Я пабываў там літаральна за пару тыдняў да іх пачатку. Можаце пабачыць на фотаздымках, як хутка развальваліся ўнутраныя памяшканні ў падвале Княскай вежы. Менавіта там быў забіты Кейстут, адтуль уцёк Вітаўт. А ў 1385 годзе ў Крэва і, найверагодней, у той самай Княскай вежы была падпісана лёсавызначальная Крэўская ўнія», — піша гісторык.
Кансерваваць вежу пачалі ў кастрычніку і скончылі ў пачатку снежня. З пачатку правядзення работ на Крэўскім замку накіравалі больш за 280 тысяч рублёў. У 2018 годзе плануюць кансерваваць паўночную сцяну, аднавіць яе ўчасткі на вышыню 7 метраў і ўладкаваць пакрыцці з дахоўкі.
Фотаздымкі сучаснага стану замка зрабіў Алег Дзярновіч.