Сёлета Гродна актыўна рыхтуецца адзначыць Міжнародны дня тэатра, што адзначаюць 27 сакавіка. Тэатралаў чакае капуснік у лялечным тэатры, канцэрт да юбілею музычнага кіраўніка драмтэатра і трансляцыя з шэкспіраўскага «Глобуса» ў кінатэатры «Чырвоная зорка». Апроч таго, у Гродна пряляціць «Крышталёвы анёлак» — узнагарода для акторкі Людмілы Паўлоўскай.
Не менш насычаным будзе тэатральнае жыццё і пасля прафесійнага свята. Тэатр лялек ужо зараз анансуе гастролі трох калектываў з Украіны, Расіі і Эстоніі на красавік і май.
Драматычны тэатр у сакавіку падрыхтаваў для гродзенцаў святочны канцэрт да юбілею Анатоля Кандыбы — нязменнага музычнага кіраўніка тэатра. Віншавальная паштоўка-канцэрт «Брава, маэстра!» з удзелам акцёраў тэатра, музыкаў і артыстаў горада пройдзе 27 сакавіка.
У тэатры лялек да прафейсійнага свята акторы ладзяць капуснік. Пабачыць «Акторскія гульні - 2018» можна 27 сакавіка.
Святочны дзень дае магчымасць наведаць нават знакаміты шэкспіраўскі тэатр «Глобус». 27 сакавіка праект TheatreHD пакажа ў «Чырвонай зорцы» прэм’еру спектакля «Дванаццатая ноч» па п’есе Вільяма Шэкспіра.
Прафесійнае свята — нагода для ўзнагародаў. Сёлета ў Гродна прыляціць «Крышталёвы анёлак» — вышэйшая узнагарода беларускіх актораў-лялечнікаў. Рашэннем Рады тэатральных дзеячоў яе атрымала Людміла Паўлоўская.
Што да працягу сезона, то тэатральныя красавік і май абяцаюць быць не менш цікавымі. У межах праекта «Тэатр лялек без межаў» у Гродне будуць гастраляваць тры замежныя трупы. Львоўскі тэатр «І людзі, і лялькі» пакажа «Боскую камедыю», «Гамлета» і «Адважнага То-То», а Талінскі тэатр лялек «Ліхтарык» прывязе «Падарунак марскога цара». На май запланаваны гастролі маскоўскага тэатра «ТриЛика».