У Гродне на вуліцы Пушкіна з 17 сакавіка пачаў працу другі ў горадзе кантактны заапарк — «Zoo Land». У памяшканні агульнай плошчай 150 квадратаў наведвальнікі могуць убачыць і дакрануцца да 20 розных відаў жывёл.

На рэалізацыю праекта ў стваральніцы Марты Юргель сышло каля 1.5 месяца. Дзяўчыне трэба было знайсці памяшканне і жывёл, а таксама зрабіць рамонт і ўсё ўладкаваць.

Ёсць нават тэрарыўм

«Так, у Гродне ўжо ёсць кантактны заапарк, але няма мяжы дасканаласці. Усё можна зрабіць цікавей, лепш і бліжэй да людзей, — распавядае Марта. — Мы паглядзелі, якія жывёлы карыстаюцца попытам у многіх кантактных заапарках і такіх набывалі. У нас шмат звяркоў, некаторых відаў па некалькі штук. А наша галоўнае адрозненне ад першага кантактнага заапарка гэта зона — тэрарыўм».

[irp posts="41 084″ name="Пяцізоркавая гасцініца ці пакуты? У Гродне адчыніўся кантактны заапарк: разбіраем за і супраць"]

Усяго ў новым заапарку каля 50 жывёл, якія прадстаўляюць 20 розных відаў. У звярынцы наведвальнікі могуць пазнаёміцца з янотам, кенгуру, шыншылай, марскімі свінкамі, трусамі, сухапутнай чарапахай, вожыкамі і многімі іншымі жывёламі і казуркамі.

Чакаюць козліка і хамелеона

«Кагосьці з жывёл мы куплялі ў Гродзенскім заапарку. Усе нашы звяркі здаровыя і прышчэпленыя. Калі жывёла стаміліся, мы даем ёй магчымасць адпачыць. Я не лічу, што кантактны заапарк гэта здзек з жывёл. Яны ў нас у цяпле і выгодзе. За імі сочаць пастаянна супрацоўнікі і валанцёры. Перад уваходам у заапарк усім наведвальнікам даюцца бахілы. Госці заапарка змогуць гладзіць жывёл, браць іх на рукі і фатаграфавацца колькі захочуць», — дадала Марта.

Жывёлы ў заапарку будуць мяняцца і дадавацца. У найбліжэйшай будучыні там з’явяцца камерунскі козлік і еменскі хамелеон.

Кантактны звярынец знаходзіцца на другім паверсе будынка АЛМІ на вуліцы Пушкіна. Працуе ён штодня з 10.00 да 20.00. Інвалідам, ветэранам і дзецям да 3-х гадоў уваход вольны. Ад 3-х да 8 гадоў - 5 рулёў. Дарослыя і дзеці старэйшыя за 8 гадоў - 8 рублёў.