Гродзенскія курсы беларускай мовы “Мова Нанова” адзначылі 4 гады. Акрамя Гродна курсы праходзяць яшчэ ў 14 гарадах Беларусі і ў некалькіх гарадах за мяжой.
Многім у штодзённасці няма з кім гаварыць па-беларуску – у сям’і і на працы ўсе рускамоўныя, а размаўляць хочацца. Таму “Мова Нанова” – гэта не столькі курсы ў класічным разуменні, колькі пляцоўка, дзе людзі ў нефармальнай абстаноўцы знаёмяцца, камунікуюць, адпачываюць і разам з тым вучаць, удасканальваюць мову і сустракаюцца з выбітнымі людзьмі, якіх арганізатары запрашаюць у якасці гасцей.
“Мы стараемся каб кожны, хто прыходзіць на курсы, быў не пасіўным слухачом, а актыўна ўдзельнічаў у моўных гульнях, творчых заданнях і інтэрактывах, падчас якіх мы прапаноўваем пісаць вершы, гісторыі, маляваць, разважаць і г.д., – кажа Эмілія Комар, адна з вядоўцаў гродзенскіх курсаў. – За гэты час якіх толькі тэмаў у нас не было: філасофія, гісторыя, спорт, здароўе, творчасць, падарожжы, псіхіятрыя, вінаробства… Аднойчы мы нават інсцэнавалі вяселле [на фота ніжэй], каб паказаць, як гэта было ў нашых продкаў”.

Часам арганізатары для разнастайнасці мяняюць фармат курсаў: паб-квізы, экскурсіі ў музей Максіма Багдановіча і па Новым свеце ў горадзе, на майстар-класах слухачы шылі коцікаў і валялі лялькі, некалькі разоў ладзілі танцавальныя вечарыны.

На кожных занятках ёсць вядомыя госці або эксперты па тэме. Так, на курсах выступалі беларускія музыкі – Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Іван Кірчук, Ігар Варашкевіч, Андрусь Такінданг, Сяржук Доўгушаў, Алесь Дзянісаў, гурты Re1ikt, Rokash. Многія з іх – па некалькі разоў. Гасцямі былі і вядомыя гісторыкі, пісьменнікі, паэты, спартсмены, лекары. У мінулым годзе, напрыклад, на курсы прыязджала Марыя Міцкевіч, унучка Янкі Брыля і Якуба Коласа.

21 лютага курсы пераехалі ў новае памяшканне, дзе адзначылі адразу два святы – Дзень роднай мовы і наваселле.
“Вельмі ўсцешна, што ў курсаў ёсць свой касцяк сярод слухачоў – гэта людзі, якія ходзяць на курсы амаль ад пачатку іх існавання, але разам з тым прыходзяць і новыя слухачы. Зараз курсы наведвае прыкладна 30 чалавек, было і больш, было і менш. Вядома, Лявон Вольскі сабраў рэкордныя для курсаў 200 слухачоў, наймеш людзей прыходзіць у моцныя маразы. Увогуле, нашыя слухачы – вельмі класныя і таленавітыя”, – з захапленнем кажа Эмілія.
Адна са слухачак курсаў – Наста Трафімчык, якая ў мінулым годзе перамагла ў конкурсе “Гарадзенская беларусачка”.

«Я прыйшла на першыя заняткі “Мова нанова” у Гародні і адразу сказала: “Ваў! Буду хадзіць!” – дзеліцца Наста, – “І цяпер я з гонарам называю сябе студэнткай беларускамоуных курсаў “Мова нанова”. Мне курсы даюць магчымасць кожны тыдзень размаўляць па-беларуску, знаёміцца з новымі людзьмі, вучыць граматыку і проста пабыць у цудоўнай атмасферы, якую ствараюць як вядоўцы, так і самі наведвальнікі курсаў. А падчас конкурсу маёй групай падтрымкі былі таксама мовананоўцы!».
Многія студэнты неспадзявана праявілі сябе як арганізатары і вядоўцы іншых імпрэзаў. Так пачалі ўзнікаць новыя супокі, аб’яднаныя любоўю да роднай мовы. Менавіта студэнты “Мова Нанова” разам са студэнтамі курсаў “Моваведа” адкрылі гродзенскі клуб чытачоў, які існуе болш за 3 гады.
“Весці курсы, на якія прыходзяць такія слухачы – гэта кайф і натхненне. Мы можам смяяцца да слёз, можам пасумаваць і задумацца, мы любім піць гарбату са смачнымі пірагамі, якія пякуць і прыносяць слухачы. І разам з гэтым мы ўдасканальваем мову і маўленне, вучым лексіку, падцягваем граматыку, гуляем і творча выконваем розныя заданні ў прыемнай і лёгкай атмасферы,” – падсумоўвае Эмілія.
Далучыцца да заняткаў можна кожную сераду а 19-ай гадзіне ў антыкавярні “Партал”, што на Вялікай Траецкай, 31.
Крыніца: navinki-dnia.blogspot.com.by


