Яшчэ не сціхлі размовы пра сітуацыю з маршрутчыкі, як на гэтым рынку з’явіліся новыя гульцы. Ніша вызвалілася – прачнуліся “бамбілы” і тыя, хто проста хоча зрабіць таннейшай сваю паездку ў  Гродна ці Мінск. Яны шукаюць спадарожнікаў у сацыяльных сетках, а плату за паездку прапануюць падзяліць на ўсіх.

У «Прынёманскія весці» патэлефанаваў жыхар Ліды і расказаў, што па справах у сталіцу ездзіць штотыдзень і часам браў спадарожнікаў.

“У групе «Укантакце» раней часта кідаў кліч: «Хто на Мінск? Забяру такога чысла ў такі час». Людзі пісалі мне – я падвозіў. Грошы ў кішэню сабе ніколі не клаў. Звычайна рабілі так: ехалі са спадарожнікамі на запраўку і залівалі паліва. Я ні рубля не зарабіў на такіх паездках. А тут на днях даведаўся ад прыяцеля, што яго за такія ж справы ў Лідскую падатковую ўжо выклікалі. Ён, сам таго не ведаючы, узяў падсадных качак – яго вылічылі па нумары тэлефона. А за што штрафаваць? Я так і не зразумеў. Бізнес – гэта калі прыбытак ёсць. А тут што?” – абураецца лідчанін.

У падатковай інспекцыі па Лідскім раёне адказалі канкрэтна – гэта незаконна! Такі падвоз спадарожнікаў, калі кіроўца і пасажыры, якія сядзяць у аўто, аплачваюць разам паліва, лічыцца прадпрымальніцкай дзейнасцю (з боку вадзіцеля). Агульнапрынятая сусветная практыка ў такім выпадку: легалізуйся, плаці падаткі – як мае быць. У адваротным выпадку – штраф.