У пачатку сакавіка з’явілася інфармацыя, што ў Гродне плануюць стварыць своеасаблівы горад майстроў - павільёны для пастаяннага гандлю рамеснымі вырабамі і сувенірамі. Такое месца можа з’явіцца недалёка ад Савецкай вуліцы. Hrodna.life на прыкладзе Вільні паказвае, як могуць выглядаць такія павільёны, каб за іх не было сорамна.

Важна стварыць месца гандлю, якое не будзе псаваць гістарычны выгляд горада. Пра гэта думалі і ў сталіцы Літвы каля 10 гадоў таму. Тады вырашылі стварыць адмысловыя «скрынкі» з відамі старой Вільні. Дарэчы, свае павільёны рамеснікі і гандляры стваралі за ўласныя грошы.

«Скрынкі» — і зручна, і прыгожа

«У „скрынках“ мы працуем каля 10 гадоў. Ідэя павільёнаў паўстала ў нас саміх і гарадскія ўлады былi не супраць, — распавядае рамесніца Вольга. — Зараз нам не трэба везці тавар дадому, бо ён застаецца ў павільёне, які на ноч зачыняецца. У вячэрні час нашы „скрынкі“ не псуюць выгляд, а наадварот — прыцягваюць увагу турыстаў вялікімі старымі здымкамі Вільні».

У Гродне павільёны для рамеснікаў хочуць размясціць на пляцоўцы каля абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці (вул. Савецкая, 8, за помнікам Сакалоўскаму). Там у 90-х гандлявалі гродзенскія мастакі.