Мужчына накінуўся з кулакамі на кіроўцу, разбіў лабавое шкло маршруткі і пашкодзіў люстэркі задняга выгляду. Канфлікт адбыўся ў прыватнай маршрутцы на дарозе Ваўкавыск — Гродна ранкам у нядзелю 4 сакавіка.
51-гадовы мужчына ехаў да хворага бацькі ў гродзенскі шпіталь. Па дарозе выпіваў і нават хацеў пачаставаць іншых пасажыраў, аднак тыя адмовіліся. На палове дарогі ён пачаў патрабаваць у кіроўцы пераключыць музыку ў салоне. На заўвагі пасажыраў не рэагаваў.
Нарэшце яго бутэлька ўпала на падлогу і алкаголь пачаў разлівацца. Маршрутка была ўжо каля былога паста ДАІ на ўездзе ў Гродна.
Кіроўца спыніўся і паспрабаваў высадзіць п’янага пасажыра, але той не хацеў пакідаць салон. Урэшце калі абодва выйшлі на вуліцу, пасажыр накінуўся на кіроўцу і пачаў яго біць. Пашкодзіў таксама мікрааўтобус.
Выклікалі міліцыю. Аднак ініцыятар канфлікта злавіў «папутку» і паспрабаваў пазбегнуць адказнасці. Па дарозе яго затрымалі міліцыянты. Крымінальную справу завялі па артыкуле «Хуліганства», паведаміў афіцыйны прадстаўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Яраслаў Васілеўскі.