Пятым футбалістам, якога падпісаў гродзенскі «Нёман» у сёлетнім міжсезонні стаў французскі паўабаронца камерунскага паходжання Мукам. Пра гэта у пятніцу 2 сакавіка паведаміла прэс-служба жоўта-зялёных.

Нагадаем, Мукам прыехаў у Гродна ў пачатку лютага і за месяц паспеў зацікавіць кіраўніцтва «Нёмана» у сваіх паслугах. Кантракт з французскім футбалістам клуб падпісаў тэрмінам на 1 год.

Нарадзіўся Эрвен Мукам 24 чэрвеня 1994 года ў горадзе Манжо, аднак ён з’яўляецца выхаванцам Акадэміі французскага клуба «Мец», за юнацкія каманды якога усіх узростаў выступаў. Тады ж футбаліст выклікаўся ў юнацкія зборныя Францыі U16 (6 матчаў, 3 галы) і U17 (2 матчы).

У 2012 годзе Мукам быў пераведзены ў асноўную каманду «Меца», аднак так і не згуляў за яе ніводнага афіцыйнага матчу і ў 2014 годзе адправіўся ў Грэцыю, дзе далучыўся да «Астерасу», які выступаў у мясцовай Суперлізе.

Усяго за два сезона ў «Астерасе» Эрвен правёў 15 матчаў (537 хвілін) у чэмпіянаце і яшчэ 10 гульняў у Кубку Грэцыі, у якіх забіў тры галы.

У снежні 2016 года Мукам падпісаў кантракт з клубам «Алімпіякос» (Волас), выступаў у трэцім дывізіёне Грэцыi. Гэтую каманду футбалiст пакінуў у чэрвені 2017-га.

З кастрычніка 2017-га паўабаронца падтрымліваў форму ў клубе «Амневiль» з пятай французскай лігі.

"Нёман" падпісаў французскага паўабаронцу Мукама
Мукам у складзе «Нёмана» ў таварыскім матчы супраць «Тракая»
Мукам стаў пятым навічком гродзенцаў у сёлетнiм міжсезонні. Нагадаем, «Нёман» таксама ўжо падпісаў Леаніда Ковеля, Максіма Лукашэвіча, Віталя Квашука і Мікалая Януша.