Пералік археалагічных знаходак, якія выявілі ля сцен Старога замка, папоўніўся. На мінулым тыдні археолагі знайшлі тут залатую накладку, якая была элементам, верагодна, царкоўных рэчаў.
— Магчыма, яна ўпрыгожвала абраз ці кнігу і адносіцца да перыяду сярэднявечча — XII-XIII стагоддзяў, — распавяла «Гродзенскай праўдзе» загадчыца аддзела археалогіі гісторыка-археалагічнага музея Наталля Кізюкевіч.
Сярод знойдзенага таксама арнаментацыйная верагодна скураная накладка таго ж перыяду. Ад цэнтральнага элемента ў форме кветкі ў бакі адыходзяць плоскія трымальнікі, якія мацаваліся да кнігі або абраза. У сярэднявеччы і першыя, і другія былі прыкметай дабрабыту, сустракаліся яны нячаста і ў сваім афармленні, як правіла, мелі дэкаратыўныя элементы, у тым ліку з каштоўных металаў.
Падчас свідравання паглыбленняў для паль археолагі знайшлі металічную пацерку, якая хутчэй за ўсё была часткай ўпрыгожання, і рыбалоўную блешню, якая захавалася ў даволі добрым стане.
Не так даўно ля Старога замка знайшлі цагліну з выявай «Калюмнаў», якая датуецца канцом 14 стагоддзя — часам, калі замак у Гродне перабудоўваў Вітаўт. Археолагі знайшлі фрагмент яшчэ аднаго элемента з рэльефным малюнкам. Пакуль яны прытрымліваюцца версіі, што цэглы выкарыстоўваліся для абліцоўвання печы ці каміна.