Скразная труба з гафрыраванага металу з двух бакоў выводзіць прама ў лясныя зараснікі, магістраль ідзе паверсе. Пазнаць пераход можна па шумападаўляльных панэлях уздоўж насыпу. Але калідораў з сеткі, якія павінны адціснуць дзікіх жывёл ад праезнай часткі і непрыкметна накіраваць у тунэль, пакуль няма.

Толькі падчас рэканструкцыі і мадэрнізацыі трасы М6 Мінск-Гродна праектам былі запланаваны два падземныя пераходы для буйных капытных, хоць па Гродзенскай вобласці ўздоўж дарогі практычна ўсюды густы лес.

Амаль на мяжы Лідскага і Шчучынскага раёнаў дарожнікі цалкам скончылі будаўніцтва тунэлю. Пакуль гэта першае такое збудаванне ў вобласці.

Пакуль там гуляе толькі ліса. Як выглядае першы падземны пераход для жывёл на трасе М6

Чарговы пераход будзе знаходзіцца на мяжы Лідскага і Іўеўскага раёнаў. Працы там павінны скончыць да восені. Пра гэта Гродзенскаму Зялёнаму парталу распавёў галоўны інжынер РУП «Гроднааўтадор» Аляксандр Марцулевіч.

Для тунэлю арачнага тыпу выбралі гафраваную металічную трубу замкнёнага сячэння. Яго вышыня 4,5 метры, шырыня: ад 10 да 8 метраў, даўжыня прыкладна 40 метраў. Раней падземныя пераходы для жывёл будавалі з бетону, прыкладна тых самых памераў па вышыні і шырыні. Гафрыраваныя — эканамічней — іх не трэба рамантаваць, тынкаваць. Кошт аднаго тунэлю — 600 тысяч рублёў, гарантыя 50 гадоў.

Пакуль там гуляе толькі ліса. Як выглядае першы падземны пераход для жывёл на трасе М6

Пасля рэканструкцыі М6 на трасе ў Гродзенскай вобласці будзе ўстаноўлена з абодвух бакоў па 39 кіламетраў ахоўнай сеткі вышынёй 2,4 метра. У СМІ паведамлялася, што сетка будзе на ўсім працягу лясістай мясцовасці, але гэта аказалася не так. Пагонны метр сеткі каштуе прыкладна 30 рублёў.

Праўда, для невялікіх звяркоў і земнаводных сетка не перашкода. Асобных пераходаў для іх не прадугледжана. Мяркуецца, што земнаводныя змогуць пры неабходнасці трапіць на другі бок праз шматлікія водаадводныя трубы, а прыкладна праз кожныя 10 кіламетраў ёсць пуцеправод або мост, пад якімі можна бяспечна прайсці.

Кошт рэканструкцыі магістралі М6 Мінск-Гродна — каля $ 250 млн. Скразны праезд рыхтуюць пусціць да канца 2018 года, цалкам рэканструкцыя павінна завяршыцца ў першай палове 2019 года.