Чытач «Гродзенскай праўды» паскардзіўся, што кіроўцы квадрацыклаў ладзяць пакатушкі па сцяжынках ў лясным масіве Грандзічы. Буйны транспарт псуе лясныя сцежкі і перашкаджае раварыстам і падарожнікам пешшу.

Квадрацыклы часта сустракаюць у раёне санаторыя «Жамчужына», побач з базай адпачынку «Купалінка». Трасай для гонак сталі і маршруты міжнароднай веласцежкі ўздоўж Нёмана. Некалі добраўпарадкаваныя сцяжынкі і лясныя дарогі з кожнай такой паездкай робяцца ўсё менш прыстасаванымі для роварных і пешых прагулак.

Ад частых выездаў на чатырохколавым транспарце ў зямлі месцамі ўтварыліся глыбокія калдобіны, у якіх збіраецца вада і бруд. Пешаходам і раварыстам часам бывае складана разысціся з буйнагабарытнымі квадрацыкламі на вузкіх дарожках. Да таго ж кіроўцы гэтага транспарту нярэдка ездзяць на высокіх хуткасцях, што небяспечна для людзей, якія шпацыруюць па лесапаркавай зоне пешшу.

Ці можна паўплываць на ліхачоў?

Як адзначае начальнік аддзела агітацыі і прапаганды ўпраўлення ДАІ УУС аблвыканкама Андрэй Цыдзік, спыніць ліхачоў не толькі можна, але і трэба. Уладальнікі квадрацыклаў для паездак павінны выбіраць такія месцы, каб не ствараць пагрозы бяспекі грамадзянаў і не прычыняць шкоды навакольнаму асяроддзю, пасяўным землям.

— У бліжэйшы час інспектары дарожна-патрульнай службы правядуць масавую адпрацоўку тэрыторыі каля санаторыя «Жамчужына», базы адпачынку «Купалінка», лесапаркавай зоны ў Грандзічах і пракантралююць, ці не парушаюць кіроўцы квадрацыклаў парадак, — кажа Андрэй Цыдзік.

Уладальнікі мотаўсюдыходаў, якія ладзяць гонкі ў лясных масівах, парках, лесапаркавых зонах могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 15.22 КаАП «Незаконнае знішчэнне, канфіскацыя або пашкоджанне дрэў і хмызнякоў ці іншай расліннасці». Ім пагражаюць буйныя штрафы. Да адказнасці па артыкуле 10.8 КаАП «Знішчэнне або пашкоджанне пасеваў, сабранага ўраджаю сельскагаспадарчых культур або насаджэнняў» могуць быць прыцягнутыя і тыя, хто выбірае для паездак палі і псуе пасевы і насаджэнні.

Гэтаксама квадрацыклы не прызначаныя для ўдзелу ў дарожным руху, а таму кіроўцы такіх машын ні ў якім разе не павінны выязджаць і нават перасякаць дарогі агульнага карыстання. Гэта правапарушэнне, за якое прадугледжана адказнасць па частцы 4 артыкула 18.36 КаАП.

Дзе можна ездзіць на квадрацыкле?

На спецыяльных аўтадромах, абсталяваных пляцоўках. Акрамя таго, жадаючым пракаціцца на такім транспарце дапамагаюць разабрацца з маршрутамі ў пунктах пракату ці на базах адпачынку, у дамах паляўнічага. Іх загадзя склалі так, каб можна было ездзіць без парушэнняў.

У ДАІ дадалі, што ў апошні час у вобласці не зафіксавалі псавання сяльгаспалёў квадрацыкламі, хоць яны ўсё ж рабіліся прычынай ДТЗ.

Супрацоўнікі падкрэсліваюць, што часта людзі блытаюць паняцці «квадрацыклы» і «квадрыцыкл». Між тым, яны маюць прынцыповыя адрозненні:

— Першыя не з’яўляюцца аўтамабілямі. Яны не кіруюцца з дапамогай педаляў, руль — роварнага або матацыклетнага тыпу. Уладальнікам квадрацыклаў ня трэба адмыслова здаваць на правы і рэгістраваць транспарт ў ДАІ. А квадрыцыкл прыраўноўваецца да аўтамабіля: ён абсталяваны прывадам аўтамабільнага тыпу і мае масу ў падрыхтаваным выглядзе не больш за 550 кілаграмаў. Такія транспартныя сродкі падлягаюць рэгістрацыі ў ДАІ і маюць права ўдзельнічаць у дарожным руху на агульных падставах.