Сёння каля 07:45 на нерэгуляваным пешаходным пераходзе па вуліцы Вясенняй Mercedes збіў жанчыну, якая пераходзіла з дзецьмі праезджую частку. Пасля наезду пацярпелую шпіталізавалі на аўтамабілі хуткай дапамогі, па папярэднім дыягназе, у яе пералом нагі, піша autogrodno.by.

Кіроўца на Mercedes рухаўся ў крайняй левай паласе ў бок вуліцы Паповіча. Жанчына з дзецьмі пераходзіла дарогу справа налева, адносна аўтамабіля.

Карэспандэнт autogrodno.by распытаў кіроўцу, які збіў жанчыну на пераходзе, як гэта адбылося:

— Аўтамабілі рухаліся шчыльным патокам і на вуліцы было яшчэ досыць цёмна. На пад’ездзе да пешаходнага пераходу трохі наперадзе мяне ў правай паласе рухаўся аўтамабіль. Ён праязджаў пераход і ў мяне нават не было думак, што з яго боку нехта можа з’явіцца. Таму я ўважліва глядзеў на раздзяляльную паласу, чакаючы пешахода адтуль. Пераход не асвятляецца і разгледзець людзей тут досыць складана, часта сілуэты людзей даводзіцца выглядваць за кошт святла ад сустрэчных аўтамабіляў. Калі я зразумеў, што злева нікога няма, перавёў погляд у прамым напрамку і заўважыў жанчыну. Стаў тармазіць, але ўсё роўна закрануў яе, — распавёў AutoGrodno.by кіроўца легкавушкі.

На нерэгуляваным пераходзе па вул. Вясенняй збілі жанчыну, якая пераходзіла дарогу з дзецьмі

— У вас была невялікая хуткасць? Аўтамабіль спыніўся на пешаходным пераходзе.

— Рухаўся з хуткасцю ў 40 км / ч. На гэтым пераходзе ўжо збівалі маю калегу — і гэты пераход я выдатна ведаю. Тут штодня езджу ўжо не першы год, — дадаў кіроўца.

На пад’ездзе да месца ДТЗ збіраўся затор з аўтамабіляў. Супрацоўнікі ДАІ рэгулявалі рух, па чарзе забяспечваючы праезд для аўтамабіляў з кожнай паласы.

У кастрычніку 2017 года на вуліцы Вясенняй прыбралі два нерэгуляваныя пешаходныя пераходы з трох. На кожным з іх у свой час збівалі пешаходаў.

А ўчора каля гатэля «Беларусь» мінівэн насмерць збіў пешахода.