Гродзенскі кінапракат вырашыў узяць і паказаць у гарадскіх кінатэатрах стужку Сцівена Спілберга “Сакрэтнае дасье”. Фільм пакажуць у кінатэатры “Кастрычнік” з 24 лютага па 7 сакавіка, распавяла дырэктар па кінапракаце прыватнага прадпрыемства “Інтэрфільм Дыстрыбьюшн” Інна Козырава.

Стужка прэтэндуе на прэмію “Оскар” у намінацыі “Лепшы фільм”.

Гэта гісторыя пра тое, як у пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя дзве ўплывовыя газеты ЗША – Washington POST і NY Times – прымаюць рашэнне апублікаваць скандальныя матэрыялы Пентагона. Палітычная эліта спрабуе спыніць асвятленне сакрэтнай перапіскі пра Вьетнамскую вайну, падаўшы ў суд і пагражаючы закрыць газеты. Аднак выдаўцы маюць намер расплюшчыць чытачам вочы на дзяржаўныя тайны. У галоўных ролях граюць Мэрыл Стрып і Том Хэнкс.

Аўтар і вядучы праграмы “Відзьмо-невідзьмо” Сяргей Філімонаў назваў драму “Сакрэтнае дасье” галоўнай кінапрэм’ерай гэтага тыдня ў Беларусі.

На сайце kinoteatr.megamag.by пакуль пазначаныя 5 сеансаў у Гродне: 24 і 25 лютага ў 16.40 і 26-28 лютага а 21-й. Кошт квітка – каля 7 рублёў.

Яшчэ на пачатку лютага Hrodna.life звяртаў увагу, што оскараўскія фільмы мінаюць гарадзенскія кінатэатры. Напрыклад, з актуальных прэм’р можна было ўбачыць фільм “Цёмныя часы”, але на вялікім экране гарадзенцы яго не ўбачаць.

Фільм ад сёння пакажуць у мінскіх кінатэатрах.