«Амаль ніводнага фільма з „оскараўскай гонкі“ ў Гродне не пакажуць, — так пачынаецца ліст у рэдакцыю аднаго з нашых чытачоў. — Я пісаў запыт наконт „The Shape of Water“ (Форма вады) і „Darkest Hour“ (Цёмныя часы), на што атрымаў адказ — з праваўладальнікамі немагчыма дамовіцца з-за абмежаванасці пракату. Ці не маглі бы вы неяк асвяціць гэтую сітуацыю? Гэта ж нонсэнс — у абласным цэнтры пяць кінатэатраў і - немагчыма паглядзець намінаваныя на „Оскар“ фільмы».

Вось што ўдалося высветліць Hrodna.life.

«Не представляется возможным»? Насамрэч, 50 на 50

“Оскары” праходзяць міма Гродна. Чаму добрае кіно нам не свеціць

«Цёмныя часы»: пракат магчымы

Пракатам «Цёмных часоў» у Беларусі займаецца кампанія «Интерфильм Дистрибьюшн». Пра магчымасці пракату фільма ў Гродне распавяла Іна Козырава, намесніца дырэктара кампаніі па кінапракаце.

«Што тычыцца „Цёмных часоў“, то Гродна ёсць у спісе гарадоў, дзе фільм можа выходзіць у пракат. Да паказаў рэкамендаваны кінатэатры „Космас“ і „Кастрычнік“. Можам даць фільм хоць зараз, калі возьмуць».

“Оскары” праходзяць міма Гродна. Чаму добрае кіно нам не свеціць

Аднак тое, што «правінцыі» будзе цяжка атрымаць іншыя оскараўскія стужкі, Іна Козырава не аспрэчвае: «На жаль, праваўладальнікі з галаўнога офіса „не рэкамендуюць“ паказваць частку фільмаў у абласных цэнтрах. Прычына — слабая „напрацоўка на сеанс“ у папярэдніх фільмаў-аналагаў».

Сярод прэтэндэнтаў на Оскар, для каторых Гродна не патрапіў у спіс рэкамендаваных для пракату гарадоў, адносяцца «Прывідная ніць», «Сакрэтнае дасье» і «Ледзі Бёрд». Прычына адмовы тая ж — слабая напрацоўка на фільмах-аналагах.

«То бок, ці то ў Гродне публікі няма, ці то з маркетынгам праблемы. Безумоўна, каб паспяхова паказваць элітарныя фільмы, трэба больш укладацца ў інфармаванне. З масавым кіно працаваць лягчэй».

Незважаючы на рэкамендацыі з галаўнога офісу ў Маскве, кампанія «Интерфильм Дистрибьюшн» можа прадаставіць гэтыя стужкі для прагляду ў абласных гарадах. Галоўнае, каб мясцовы кінапракат іх узяў і меў жаданне данесці інфармацыю да гледача, кажа Іна Козырава.

«Са свайго боку мы гэтаму спрыяем — прадастаўляем рэкламныя матэрыялы для кінатэатраў, а таксама размяшчаем рэкламу ў сеціве, на радыё і тэлебачанні».

«Форма вады»: у адказ — цішыня

«Форма вады» ў Беларусі распаўсюджваецца кампаніяй «Двадцатый Век Фокс СНГ». Hrodna.life скіраваў у кампанію пісьмовы запыт, але на час публікацыі артыкула адказу не атрымаў. «Інфармацыя пра адмову ў паказе можа быць праўдзівай, — мяркуе Іна Козырава. — У гэтай кампаніі даволі жосткія умовы для рэгіянальных кінатэатраў». Сапраўды, паводле інфармацыі сервіса «Кинопоиск», стужка на рускай мове распаўсюджваецца ўсяго ў 544 копіях — гэта ў 2−2,5 разы менш за звычайныя касавыя фільмы.

“Оскары” праходзяць міма Гродна. Чаму добрае кіно нам не свеціць

Другі спецыяліст, знаёмы з практыкай распаўсюду замежнага кіно ў Беларусі, патлумачыў: «Наўрад ці недзе ў абласных гарадах магчымы паспяховы пракат той жа „Формы вады“. Нават, калі б праваўладальнікі далі дазвол, яе б не захацелі браць. Гэта „не той“ фільм. Рэгіяналы пры замове звяртаюць увагу не на патэнцыйную „оскараноснасць“ стужкі, а на яе камерцыйную запатрабаванасць.

„Форма вады“ падышла б для клубнага паказу на 20, 30 ці 100 чалавек. Але па ўмовах „Фокса“ паказваць фільм трэба не менш двух тыдняў. Нават у малой залі гэта атрымліваецца задорага — неэфектыўна выкарыстоўваецца экранны час, малая „напрацоўка на сеанс“. Калі б кампаніі давалі „оскараўскія“ фільмы на выходныя, то рэгіянальным пракатчыкам гэта было б цікава. Пакуль жа яны і не могуць атрымаць стужкі, і не зацікаўлены ў паказе такога кіно».

Юбілейны Оскар

Сёлета цырымонія ўзнагароджання прэміяй «Оскар» пройдзе ў 90-ы раз і адбудзецца 4 сакавіка. Прэтэндэнты на яе атрыманне выстройваюцца ў рэйтынгі па колькасці магчымых прэмій і намінацый. Узначальвае спіс і мае 13 шансаў на статуэткі ўсё тая ж «Форма вады», паглядзець каторую на вялікім экране гродзенцам не свеціць.

“Оскары” праходзяць міма Гродна. Чаму добрае кіно нам не свеціць
фота з сайта bintang.com
Так што шукайце намінантаў у сеціве, збірайцеся з сябрамі на канапе і глядзіце добрае кіно. Ці едзьце ў Мінск або Беласток. Там усё будзе. А вось і спіс стужак, што сабралі найбольшую колькасць намінацый:

13: «Форма вады»

8: «Дюнкерк»

7: «Тры білборды на граніцы Эбінга, Місуры»

6: «Цёмныя часы» / «Прывідная ніць»

5: «Ледзі Бёрд» / «Той, што бяжыць па лязу 2049»

4: «Заві мяне сваім імем» / «Прэч» / «Ферма „Мадбаўнд“» / «Зорныя войны: Апошнія джэдаі»

3: «Малы на драйве» / «Тоня супраць усіх»

2: «Сакрэтнае дасье» / «Прыгажуня і пачвара» / «Таямніца Коко» / «Вікторыя і Абдул»