Правяраць школьныя сталовыя ў Гродзенскай вобласці пачалі пасля таго, як у мінулым годзе супрацоўнікі КДК выявілі там шмат парушэнняў. Цяпер у тым, што кралі прадукты, падазраюць 14 супрацоўнікаў сталовых. Гэтыя выпадкі выявілі ўжо ў гэтым годзе.

Са школ выносяць мяса, грушы, сок. Адна повар скрала са сталовай 12 кілаграмаў мяса. Разбіральніцтвы праводзяць ў тым ліку ў школьных сталовых Гродна і Ліды, піша «Перспектыва».

У мінулым годзе высветлілі, што ў порцыі не дакладвалі прадукты, у халадзільніках захоўвалі пратэрмінаваныя. У ваўкавыскай школе, да прыкладу, работніца кухні сутыкнулася з супрацоўнікам КДК, калі выносіла пакет з выкрадзеным фаршам, падзеленым на тры порцыі, і капустай. Відаць, жанчына збіралася падзяліцца прадуктамі з калегамі.

Старшыня КДК Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка адзначыў, што трэба вырашыць пытанне з закупкамі прадуктаў для школ. Часта іх набываюць праз пасрэднікаў, што павялічвае кошт дзіцячага харчавання. Закупкі часта праводзяць у несезонные час, што таксама адбіваецца на кошце. Бульбу купляюць не ў верасні, а ў лютым. Мандарыны заказваюць у ліпені, хоць яны танней у лістападзе.

У КДК лічаць, што да грамадскага кантролю за школьным харчаваннем павінны далучыцца школьныя дырэктары і завучы, БРСМ і санітарная служба.