Гэты фотаздымак з’явіўся ў акаўнце Шымковяка ў фэйсбуку 19 лютага. Яшчэ ранкам 21 лютага ён, як звычайна, праводзіў трэніроўку сваёй любімай «Алімпіі», якой аддаў сваё жыццё. У прамым сэнсе слова, бо ўжо вечарам серады чалавека не стала.
Спытай на вуліцы 10 гарадзенцаў пра тое, хто такі Аляксандр Шымковяк — і дзевяць з іх не справяцца з правільным адказам. Насуперак тэлевізійнай прапагандзе, беларусы мала займаюцца і слаба цікавяцца спортам.
Аляксандр Шымковяк гэта добра ведаў, але ніколі не здрадзіў абранай справе жыцця.
Ачоліўшы ў 2000 г. гарадзенскую «Алімпію», ён восем разоў зрабіў гарадзенак чэмпіёнкамі краіны, перамагаў у Балтыйскай лізе.
Без грошай, без нармальнай залы для трэніровак, штогод губляючы лідарак, Шымковяк упарта рабіў сваю справу, даючы бой багатым сталічным дружынам.
А паралельна разам са сваёй жонкай Вікторыяй вазіўся з дзяўчынкамі, якія рабілі свае першыя крокі ў баскетболе.
Менавіта гарадзенкі штогод складалі аснову юніёрскай дружыны Беларусі, якая з поспехам гуляла на міжнароднай арэне.
Затым была яшчэ складаная аперацыя на сэрца, пасля якой толькі адзін з дзесяці вярнуўся б да такой эмацыйнай прафесіі, як трэнерская. І гэтым адным быў Аляксандр Шымковяк.
Вялікі трэнер, які даў дарогу ў вялікі спорт цэлай плеядзе баскетбалістак. Чалавек, які жыў сваёй справай да апошняга дня.