Курсы беларускай мовы «Мова Нанова», якія існуюць у Гародні ўжо 4 гады, мяняюць памяшканне і дзень правядзення. Цяпер заняткі будуць праходзіць па серадах у антыкавярні «Партал», што на Вялікай Траецкай, 31.
Першыя заняткі ў новым месцы пройдуць 21 лютага і будуць прысвечаны беларускаму бізнесу і святкаванню Дня роднай мовы. Пра тое, як гэта — весці бізнес па-беларуску, раскажа Андрэй Несцяровіч, уласнік «Цудоўні», гандлёва-культурніцкай прасторы, дзе можна знайсці рэчы ў нацыянальным стылі і кнігі па-беларуску, а па вечарах — трапіць на цікавую імпрэзу.
Яшчэ адным госцем будзе правазнаўца з Гомеля, больш вядомы як «моўны інспектар» — Ігар Случак, які з’яўляецца адным з аўтараў сайта svaje.by.
[irp posts="14 766″ name=""Моўны інспектар" у гродзенскім «Евроопте»: ці атрымаецца прадаваць «буракі» замест «свеклы»?"]
Svaje.by — гэта каталог беларускамоўных бізнесаў, якія абслугоўваюць кліентаў па-беларуску, выкарыстоўваюць беларускую мову ў рэкламе і вонкавым афармленні, падтрымліваюць беларускаарыентаваныя культурніцкія праекты. Ігар распавядзе, якія магчымасці дае сайт для беларускамоўных вытворцаў і спажыўцоў.
Гэта першы падобны сайт у гісторыі Беларусі, зараз на ім зарэгістравана каля 300 беларускамоўных бізнесаў і месцаў.
На заняткі арганізатары прапануюць прыйсці ў строях, вышыванках, вышамайках і паўдзельнічаць у конкурсе «Самы беларускі беларус». Тыя, чые «лукі» будуць найбольш па-беларуску цікавымі і адметнымі, атрымаюць добрыя падарункі.
Курсы бясплатныя і папярэдняга запісу не патрабуюць. Заняткі пачнуцца а 19-ай гадзіне.
Сачыць за абвесткамі можна на нашым сайце і ў суполках на Facebook і VKontakte
[irp posts="49 947″ name="Якім было старадаўняе вяселле, расказаў Іван Кірчук на курсах Мова Нанова""]
[irp posts="16 379″ name=""Супадзенне? Не думаю!" Тыдзень чытання Hrodna.life натхніў Ігара Случака завесці блог пра Гомель і Гродна"]